МЗС ФРГ лічыць, што ўцекачы павінны вярнуцца да сябе дадому

Мігранты, якія знаходзяцца ў цяперашні час на беларуска-польскай мяжы, павінны вярнуцца ў краіны, адкуль яны прыехалі, паведамляе «Еўрарадыё».

Мігранты на беларуска-польскай мяжы / ДПК​

Мігранты на беларуска-польскай мяжы / ДПК​


Кіраўнік Міністэрства замежных спраў ФРГ Хайка Маас у панядзелак зрабіў гэтую заяву па выніках пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза. Маас сказаў, што будзе выступаць за гэтае рашэнне. Ён мяркуе, што краіны, з якіх прыехалі мігранты, павінны «ўзяць на сябе сваю частку адказнасці».
Ацэньваючы сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, Маас паведаміў, што яна не паляпшаецца, а становіцца ўсё больш драматычнай.
Раней прэзідэнты Літвы, Латвіі і Эстоніі Гітанас Наўседа, Эгілс Левітс і Алар Карыс у сумесным звароце заявілі, што Беларусь датычная да міграцыйнага крызісу на мяжы краін ЕС. Прэзідэнты трох краін асудзілі дзеянні «рэжыму Аляксандра Лукашэнкі па выкарыстанні мігрантаў у палітычных мэтах» і заклікалі прыцягнуць афіцыйны Мінск да адказнасці за «гандаль людзьмі».
Сёння мігранты ўладкаваліся на тэрыторыі памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца», яны разбілі там намёты і расклалі спальнікі, развялі вогнішчы. Паводле ацэнак польскай памежнай службы, колькасць мігрантаў перавышае 3,5 тысячы чалавек. У Дзяржпагранкамітэце Беларусі мяркуюць, што гаворка ідзе пра 2 тысячы мігрантаў.