Барэль заявіў, што атрымаў ад Мінска запэўніванні ў гатоўнасці вырашаць праблему мігрантаў
Кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль заявіў, што кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей запэўніў яго, што Мінск нацэлены на развязанне праблемы з нелегальнымі мігрантамі, паведамляе «Интерфакс-Запад».
«Ён (Макей. — Заўв. рэд.) запэўніў мяне, што яны дадуць гуманітарную дапамогу, што задзейнічаюць войскі, што згодныя даць доступ (на мяжу Беларусі з ЕС. —Заўв. рэд.) структуры ААН, якая дапамагае ўцекачам. У дадзеным выпадку гэта былі добрыя навіны», — сказаў Барэль на прэс-канферэнцыі ў Бруселі.
«Разам з тым, ён заявіў, што Мінск не нясе адказнасці за тое, што гэтыя мігранты ў прынцыпе апынуліся там», — дадаў дыпламат.
Барэль адзначыў, што нават тыя нелегалы, якія ў выніку не патрапяць у ЕС, павінны атрымаць дапамогу. «Нельга ж пакінуць мерзнуць іх на мяжы. Мы павінны ім дапамагчы», — падкрэсліў ён.
У нядзелю Барэль паведаміў, што ў тэлефоннай размове з міністрам замежных спраў Беларусі заклікаў Мінск вырашыць крызіс з нелегальнымі мігрантамі і дапусціць гуманітарныя арганізацыі на мяжу краіны з Польшчай.
«Пагаварыў з кіраўніком МЗС Беларусі Макеем, каб падняць пытанне аб складанай сітуацыі на мяжы з ЕС. Жыцці людзей трэба абараняць, а гуманітарным арганізацыям варта даць доступ (на мяжу. — Заўв. рэд.)», — напісаў ён у «Твітары».
«Цяперашняя сітуацыя недапушчальная, і гэтую праблему трэба вырашыць. Людзей нельга выкарыстоўваць як зброю», — дадаў Барэль.