«Прайшлі тыя дні, калі заваёва зямель была формулай вялікай нацыі»

Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу CNN, што эскалацыя канфлікту на ўсходзе Украіны з'яўляецца «сведчаннем дрэнных пастаноў, якія спадар Пуцін прымае ад імя Расіі».



putin_conqueror.jpg

Таксама ён зноў падкрэсліў, што «анэксія Крыма абернецца для Расіі не выгадай, а вялікімі стратамі». «Прайшлі тыя дні, калі заваёва зямель была формулай вялікай нацыі», — заявіў Барак Абама.
На думку амерыканскага лідэра, апошні год Пуцін прымаў спантанныя і непрадуманыя пастановы, паколькі падзеі ва Украіне летась узімку заспелі расійскага лідэра знянацку.
«Пуцін прыняў гэтую пастанову з нагоды Крыма і Украіны не праз нейкі грандыёзны стратэгічны план, а таму што ён быў заспеты знянацку пратэстамі на Майдане і наступнымі ўцёкамі Януковіча пасля таго, як пры нашым пасярэдніцтве было заключанае пагадненне аб пераходным перыядзе ва Украіне» , — сказаў Барак Абама.
«Імправізацыі, якімі ён (Пуцін) займаўся з гэтага моманту, зацягвалі яго глыбей і глыбей у сітуацыю, якая з'яўляецца парушэннем міжнароднага права, якая парушае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, гэтая сітуацыя дыпламатычна ізалявала Расію, прымусіла Еўропу з асцярожнасцю і неахвотай весці бізнэс з Расіяй і прывяла да санкцый, якія наносяць шкоду расійскай эканоміцы ў той час, калі падаюць нафтавыя даходы», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Барак Абама сказаў у інтэрв'ю амерыканскай тэлевізіі, што расійскі лідэр ігнаруе прапановы Вашынгтона. З ягоных слоў, існуюць абмежаванні ў тым, што ЗША могуць зрабіць у вайсковай сферы для развязання канфлікту, улічваючы памер расійскай вайсковай машыны і той факт, што Украіна не з'яўляецца чальцом NATO.
«Мы можам рабіць так, каб кошт (для Расіі) станавіўся вышэйшы і вышэйшы, менавіта гэта мы і робім. Мы можам весці дыпламатычны ціск. Я не думаю, што было б разумна для ЗША і свету ўвязвацца ў вайсковы канфлікт з Расіяй», — сказаў Барак Абама.
Са слоў амерыканскага прэзідэнта, ён не мае асаблівага аптымізму з нагоды поспеху ў перамовах з Пуціным, асабісты рэйтынг якога ў Расіі застаецца высокім.
«Ці гатовы Пуцін да ўгоды? Пакуль што мы бачым шмат гутарак — з канцлеркай Меркель, прэзідэнтам Аландам і з намі — у якіх ён кажа адно, а ягоныя наступныя дзеянні кажуць пра іншае», — кажа Барак Абама.
Барак Абама паўтарыў абвінавачванні ў тым, што сепаратысты на ўсходзе Украіны атрымліваюць з Расіі «фінансаванне, зброю і вайсковых інструктараў», і заўважыў, што «пакуль з Крамля не паступала ніякага сігналу аб тым, што там мяркуюць, што дыпламатычнае развязанне ўкраінскага крызісу адпавядала б расійскім інтарэсам». «Таму ён глядзіць назад, а не наперад. Магчыма, у будучыні ён зменіць свой пункт гледжання. А пакуль мы павінны займаць цвёрдую пазіцыю», — сказаў прэзідэнт Злучаных Штатаў.
Бі-Бі-Сі