Спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Фядыніча і Комліка!
Рух «За Свабоду», «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Аб’яднаная грамадзянская партыя выступілі адмысловай заявай наконт пераследзу прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.
“30 ліпеня пачнецца судовы працэс над лідарамі
прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам. Ён звязаны з надуманымі
абвінавачаннямі ў нясплаце падаткаў. Падобная практыка ўладамі раней выкарыстоўвалася
ў адносінах да праваабарончага цэнтру «Вясна» і яго кіраўніка Алеся Бяляцкага”, —
нагадваецца ў заяве.
У сувязі з гэтым Рух “За Свабоду”, БХД, БСДП (Грамада) і АГП
заявілі пра заказны палітычны характар крымінальная справа ў дачыненні да
лідараў Беларускага прафесійнага саюза работнікаў радыёэлектронная
прамысловасці. Бо яна “пераследуе мэту паралізаваць працу прафсаюза РЭП, які
найбольш актыўна выступае ў абарону сацыяльна-эканамічных праў беларусаў і
аказвае рэальную дапамогу ў аднаўленні парушаных правоў”.
”Адвольнае выкарыстанне крымінальнага заканадаўства з мэтай пераследу
палітычных апанентаў з’яўляецца недапушчальным і вяртае Рэспубліку Беларусь у
эпоху таталітарызму. Інстытуты грамадзянскай супольнасці павінны падтрымлівацца
дзяржавай, а не знішчацца за сваю незалежную і прынцыповую пазіцыю. Без моцнай
грамадзянскай супольнасці немагчымыя дэмакратычныя змены ў краіне” —
нагадваецца ў заяве.
Рух “За Свабоду”, БХД, БСДП (Грамада) і АГП патрабуюць
“неадкладна спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Генадзя Фядыніча і Ігара
Комліка, а іх правы аднавіць у поўным аб’ёме. Асоб, вінаватых ў неправавых
дзеяннях па пераследу лідараў незалежнага прафсаюза, неабходна прыцягнуць да
адказнасці”.