Генадзь Фядыніч: Агент КДБ прыйшоў да нас з каледжа электронікі
«Пра тое, што Юлія Юхнавец — «крот», я ведаў ужо 2 жніўня мінулага году», — кажа кіраўнік незалежнага прафсаюза.
Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, адкуль у прафсаюзе РЭП з’явіўся агент КДБ.
“Пра тое, што Юлія Юхнавец — “крот”, я ведаў ужо 2 жніўня мінулага году”, — кажа кіраўнік незалежнага прафсаюза.
30 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся працэс па справе старшыні незалежнага прафсаюзу рабочых радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і бухгалтара РЭП Ігара Комліка.
Згодна са звесткамі следства, старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік незаконна адкрылі рахунак у банку Літвы, куды ў 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі паступілі грашовыя сродкі ў замежнай валюце. Валюту затым, маўляў, здымалі, перавозілі праз мяжу і перадавалі ў Беларусі Комліку і Фядынічу.
Па інфармацыі юрыста прафсаюза Юрыя Белякова, гутарка ідзе пра рахунак у адным з літоўскіх банкаў, і гэты рахунак быў закрыты яшчэ ў 2011 годзе. У тым жа годзе, дарэчы, чатыры з паловай гады па аналагічным абвінавачанні атрымаў праваабаронца Алесь Бяляцкі.
У судзе сакратар прафсаюза РЭП Юлія Юхнавец, якая працавала ў арганізацыі з 2014-га па 2016 год, прызналася, што была агентам КДБ.
“З 2015 года супрацоўнічала з КДБ у якасці агента, атрымлівала за гэта грошы”, — расказала 22-гадовая дзяўчына.
Юлія Юхнавец таксама заявіла, што яна некалькі разоў выязджала ў Вільнюс, адкуль прывозіла пэўныя сумы валюты.
— Пра тое, што Юхнавец — “крот”, я ведаў ужо 2 жніўня мінулага года, калі ў нас прайшлі ператрусы, — кажа Генадзь Фядыніч. — На той час сакратарка ўжо не працавала, але, калі я супаставіў усе факты, то і прыйшоў да такой высновы. Некаторыя моманты, якімі апелявалі следчыя, ведалі толькі я і тая ж Юхнавец. Таму, паўтаруся, ведаў пра яе агентурную сувязь з сілавікамі, але не чакаў, што яна на судзе так шчыра пра гэта прызнаецца.
— Былі здзіўлены?
— Безумоўна. Зараз атрымліваецца, што гэты самы агент КДБ — асноўны сведка на працэсе, яна паведаміла нават, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі плаціў ёй грошы. Многія ўжо жартуюць: а ці заплаціла Юлія Юхнавец з гэтага прыбытку падаткі?
— Як гэтая дзяўчына наогул патрапіла на працу ў ваш прафсаюз?
— Даволі незвычайна. Мы падтрымліваем добрыя стасункі з Мінскім дзяржаўным каледжам электронікі, а нам патрабавалася сакратарка. Звярнуліся ў каледж, майстры, якіх я добра ведаў, і параілі Юлію Юхнавец. Далі ёй добрую рэкамендацыю, былі станоўчыя водгукі… Не думаю, што ўжо тады дзяўчына была завербаваная КДБ, бо яна ж наогул не ведала, куды пойдзе на працу. А тут паступіла прапанова ад незалежнага прафсаюза РЭП, тая пагадзілася. Затым, відаць, сілавікі на нечым і падчапілі яе на кручок.
Чытайце таксама:
Сотні тысяч еўра, дзясяткі амапаўцаў і адзін агент КДБ — першы дзень суда па «Справе прафсаюзаў»
— Нічога падазронага ў яе працы не было?
— Мы такога не бачылі, напэўна ж, прайшла пэўныя курсы, як сябе трэба весці.
— Што можаце сказаць пра першы дзень працэсу?
— Мы бачым, што многія нашы хадайніцтвы суддзя адхіляе. І відавочна таксама, што на гэтым тыдні судовае рашэнне яшчэ не вынесуць.