Афіцыйны Мінск: у разгубленасці і знерваванасці?

Сітуацыя ў Беларусі цікавая тым, што яна — не статычная. Няма правілаў гульні — дакладней, яны змяняюцца з кожным днём. Гэта выбівае глебу з-пад ног аналітыкаў і палітолагаў, дый улады таксама. Як жа так: тое, што працавала дзесяцігоддзямі, раптам не працуе цяпер?

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Мы пісалі пра тое, што ўлада звыкла паспрабавала пачаць гандаль палітвязнямі. Некаторым з іх было прапанавана напісаць прашэнне аб памілаванні, і вызваленне іх, на думку ўлады, магло б быць «кропкай пачатку дыялогу» з Захадам. Заўсёды раней такая тактыка спрацоўвала.
Прынамсі, калі рыхтаваўся той матэрыял, Уладзімір Макей, які ўзначальвае айчыннае Міністэрства замежных спраў, раптам сустрэўся з заходнімі дыпламатамі. Прычым, ініцыятыва сыходзіла ад беларускага ведамства. Імаверна, што на гэтай сустрэчы Макей якраз і павінен быў прасунуць такую «нармалізацыю».
Але нешта пайшло не так. У сумеснай заяве па выніках сустрэчы прадстаўнікі дыпмісій ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Японіі паведамілі, што нагадалі пра пазіцыі сваіх урадаў у дачыненні да сітуацыі ў краіне і пра сродкі дасягнення мірнага і ўстойлівага вырашэння палітычнага крызісу і крызісу ў галіне правоў чалавека. Пры гэтым, як адзначаецца ў заяве, «спыталі пра планы беларускіх улад у дачыненні да выканання патрабаванняў Канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права». І, канешне ж, заявілі, што чакаюць выканання «патрабаванняў беларускага народа»: спынення рэпрэсій і катаванняў, вызвалення і рэабілітацыі несправядліва затрыманых, расследавання дзеянняў сілавікоў і свабодных ды справядлівых выбараў.
Гандаль не спрацаваў. Мажліва, менавіта згадка пра Канстытуцыю Беларусі, якую неабходна выконваць (асабліва здзекліва прагучала ў нашых умовах), прывяла да таго, што Макей сарваўся. «Заходнія “гаворачыя галовы” гатовыя дзейнічаць любымі сродкамі», «трыумф без мазгоў», «пігмей-Літва» і шмат чаго яшчэ нагаварыў кіраўнік беларускага МЗС на АНТ у дачыненні да суседзяў.


Гэтая рыторыка выдае значна больш, чым падаецца. Ці паводзіць сябе так моцная ўлада? Пытанне. Але відавочныя дзве рэчы. Першая: «наш адказ Чэмберлену» — адказ Беларусі на заходнія санкцыі, — як казаў нейкі дыпламат з ведамства таго ж Макея, «пацярпеў чарговую перамогу». То-бок, акрамя як вербальна адказаць на ціск, як цяпер модна казаць, «калектыўнага Захаду» Сінявокая не ў стане.
Не, канешне, улады вырашылі адказаць той жа Літве ў сваім стылі — і зрабілі тое, пра што гаварылі. Літоўская памежная служба фіксуе «гістарычныя максімумы» патокаў нелегальнай міграцыі праз беларускую мяжу. Намеснік кіраўніка Службы аховы дзяржмяжы Літвы Відас Мачайціс кажа, што беларускія памежнікі перасталі дзяліцца інфармацыяй пра нелегальную кантрабанду і міграцыю. То-бок, калі раней Лукашэнка толькі палохаў Еўропу «наплывам мігрантаў праз Беларусь», то сёння гэтыя пужалкі ператвараюцца ў рэальнасць.
Аднак гэта, зноў жа, — стрэл сабе ў нагу. Прымусовая пасадка самалёта «Ryanair» у Мінску раз’юшыла Еўропу не таму, што ўлады Беларусі арыштавалі Рамана Пратасевіча. Еўропа ўзрушылася, бо пад пагрозу была пастаўленая бяспека еўрапейскіх грамадзян і бяспека міжнародных пералётаў. Цяпер жа дзеянні беларускіх памежнікаў ціснуць на тую ж балючую кропу — на бяспеку Еўропы ад нелегальнай міграцыі. А як Еўропа ставіцца да пагроз сваёй бяспецы — мы бачылі на прыкладзе таго ж рэйса «Ryanair».
Я б, шчыра кажучы, не рызыкнуў яшчэ раз выпрабоўваць Еўропу на рэакцыю пагрозам сваёй бяспецы. Аднак беларускія ўлады, падаецца, дзейнічаюць не тое што ірацыянальна, але і не вучацца на ўласных памылках.
Другая рэч — улады відавочна моцна разгубіліся і знерваваліся. Гэтаму стану спрыяла і рэзалюцыя Еўрапарламента, прынятая на мінулым тыдні.
Канешне, гэтая рэзалюцыя не з’яўляецца абавязковай да дзеяння, і яе можна было б лічыць чарговым «выказваннем глыбокай заклапочанасці». Аднак рэзалюцыя — гэта папярэджанне пра тое, што можа адбыцца, калі ўлады не спыняць сваю заганную практыку. У дакуменце пералічаны шэраг магчымых санкцый, прычым — аж да таго, што фінансісты называюць «атамнай бомбай» у гэтым рэчышчы: адключэнне краіны ад міжнароднай плацёжнай сістэмы SWIFT. Рэзалюцыя — гэта тонкі намёк на вельмі «тлустыя» абставіны.
Паніка ўлад яшчэ не дасягнула максімуму, але яна адчуваецца не толькі ў заявах Макея. Лукашэнка прыняў адстаўку свайго бліжэйшага сябра і паплечніка — Віктара Шэймана. Ну, як прыняў: афіцыйна «адставіў», але папрасіў узяць на сябе «Кубу, Венесуэлу і “хвасты” ў Афрыцы». І панаракаў, што яшчэ давядзецца (з агаворкай «не дай бог») узяць аўтаматы і бараніць краіну.
Зразумела, Лукашэнка не адпусціць ад сябе чалавека, якога некаторыя лічаць датычным да стварэння «эскадронаў смерці» і знікненняў Ганчара, Красоўскага, Захаранкі і Завадскага. Аднак сама адстаўка «шэрага кардынала» можа паслужыць знакам няўпэўненасці ў непахіснасці ўлады. І, больш за тое, паслужыла. Па сацсетках папаўзлі чуткі, што шараговыя і не вельмі сілавікі пачалі прадаваць сваю нерухомасць. Такое адбываецца, калі ёсць пэўныя планы на (зноў моднае слова) рэлакацыю.
Што ж да «гандлю палітвязнямі»… Падаецца, для ўлад яны ператварыліся ў пратэрмінаваны тавар: прадаць не выпадае, вярнуць — складана, а што з ім рабіць — невядома. Хіба выкінуць… Як стала вядома «Нашай Ніве», у атмасферы строгай сакрэтнасці пачалі складацца спісы асоб, якія могуць трапіць пад акт палітычнай амністыі.