Украінскі эксперт: «Лукашэнка ў чарговы раз кіне Пуціна»
Украінскі паліттэхнолаг, эксперт-міжнароднік Барыс Тызенгаузен звярнуў увагу на важныя мэсэджы ў выступе Лукашэнкі на Дзень Перамогі.
— Я б на іх звярнуў увагу, таму што Лукашэнка — гэта такі
хітры палітычны флюгер. Ён тонка адчувае, што адбываецца ў Расіі, у яго ёсць
інсайдэрская інфармацыя, таму што ён часта там бывае. І ў залежнасці ад гэтага
ён мяняе сваю рыторыку, — цытуе Тызенгаўзена «Салідарнасць» са спасылкай на тэлеканал «Украіна 24». — Вось пара момантаў з апошняга выступу Лукашэнкі. «Я спадзяюся, мы будзем
жыць у бліжэйшы час у новым свеце без санкцый», — сказаў ён. Гэта значыць,
яму балюча ад санкцый, і гэта ўжо прыкметна. Расія грошай не дасць, а больш яму
браць няма адкуль. Такім чынам, ён спрабуе ратаваць сябе ў гэтай фразе.
А ў наступнай ён кажа, што давайце жыць мірна, усёй нашай
вялікай сям'ёй, уключаючы і еўрапейскія дзяржавы, і што «мы зробім усё
магчымае, калі раптам Украіна апынецца ў небяспецы, мы ёй падставім плячо».
Зразумела, што пра небяспеку ён казаў у кантэксце гэтых міфаў, якія
распаўсюджваюцца пра Польшчу ці яшчэ кагосьці, хто хоча падзяліць Украіну.
Змяненне рыторыкі беларускага кіраўніка, на думку
паліттэхнолага, сведчыць аб яго гатоўнасці пайсці насуперак лініі Пуціна.
— Я думаю, што Лукашэнка ў чарговы раз кіне Пуціна. Ён рабіў
гэта ўжо не раз, проста ўцячы далёка не мог. Але ў гэты раз кіне, калі гаворка
зойдзе пра яго ўласную бяспеку. Нагадаю, Расія яму не дала грошай, а проста
падоўжыла тэрмін вяртання крэдыту. І ён мог задумацца: а дзеля чаго ўсе гэтыя
саюзныя дамовы, Расія цяпер сваю эканоміку будзе ратаваць усімі магчымымі
спосабамі, а мне хто дапаможа? Ніхто не дапаможа.
І яшчэ адзін цікавы момант. Калі Пуцін абламае зубы пра
Украіну, ён у сваім гэтым ментальным Савецкім Саюзе абавязкова пачне глядзець
па баках у пошуках, што яшчэ можна вярнуць. Краіны Балтыі нельга, таму што яны
ўсе з'яўляюцца членамі НАТА. Казахстан — дакладна не, Туркменістан,
Азербайджан і г. д. — таксама не. Застаецца толькі Лукашэнка. Чаму б не
далучыць Беларусь? Гэта як бы будзе і перамога, і на мяжу Еўропы можна выйсці і
паставіць свае базы.
Мне здаецца, Лукашэнка ведае аб гэтым сцэнары і пабойваецца
яго, — мяркуе ўкраінскі эксперт.