«Іх забілі свае — толькі за тое, што не забілі ворагі». Для каго 3 ліпеня — трагедыя
3 ліпеня 1944 года — не толькі дзень вызвалення Мінска ад нямецкіх акупантаў. І гінулі ў гэты дзень не толькі салдаты. Пра тых, для каго 3 ліпеня сталася днём трагедыі, распавядае Зміцер Бартосік на Радыё Свабода.
![5ef540d3_c969_46e9_9db0_536272940a27_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg 5ef540d3_c969_46e9_9db0_536272940a27_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/5ef540d3_c969_46e9_9db0_536272940a27_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Так, дзень 3 ліпеня стаў апошнім для некалькіх жыхароў вёскі Сіняўская Слабада, што ў Карэліцкім раёне, расстраляных партызанамі на падставе нічым не падмацаваных падазрэнняў: па сутнасці, толькі за тое, што выжылі ў той час, калі іншыя загінулі.
![79f0a061_5aa5_44f3_8667_f35c5fe1635a_w650_r0_s.jpg 79f0a061_5aa5_44f3_8667_f35c5fe1635a_w650_r0_s.jpg](/img/v1/images/79f0a061_5aa5_44f3_8667_f35c5fe1635a_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нёман
Гэтая вёска вельмі адпавядае сваёй прыгожай назьве. Сіняўская Слабада. Сіняе неба адбіваецца ў хуткаплынным Нёмане, на беразе якога стаіць вёска.
Яна раскінулася паміж ракой і Налібоцкай пушчай. Адразу за апошнімі хатамі паўстае сцяна старога лесу. Пачынаецца вёска з вялікіх могілак. Адразу, як пераязджаеш Нёман па новым мосце, бачыш высокую стэлу над брацкай магілай. Перад стэлай шэраг аднолькавых магіл — партызанскія могілкі. Але мы пройдзем углыб. Да магілы Мікалая і Віталя Клаўсуцяў. На надмагільным камені напісана: «Братья Николай и Виталий Клаусути. Убиты 3 июля 1944 года. Николай — 24 года. Виталий — 20 лет».
Хто забіў, за што? У кнізе «Памяць» гэтых імёнаў як ахвяр нацыстаў няма.
![Магіла Мікалая і Віталя Клаўсуцяў Магіла Мікалая і Віталя Клаўсуцяў](/img/v1/images/8d7c90ee_d83a_484f_b618_4145df24623e_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Магіла Мікалая і Віталя Клаўсуцяў
Мясцовая жыхарка, якая чакала аўтакрамы, распавяла, што ў Сіняўскай Слабадзе ніхто не ведае, за што іх забілі. У немцаў яны не служылі. Ні ў паліцыі, ні ў БКА. Але сястра тых Клаўсуцяў незадоўга да смерці вельмі крыўдавала на пісьменніка і былога партызана Уладзіміра Калесніка. «Ён жа абяцаў, што з імі нічога не зробяць!»
Вось што піша пра гэта сам Уладзімір Калеснік у сваёй кнізе «Доўг памяці»:
«Існавала даўняя варажнеча паміж „чырвоным“ канцом Лядак і багатымі ды ганарлівымі жыхарамі Турца, як-ніяк местачкоўцамі, а не „хамамі“, мужыкамі. Местачкоўцы прасцей прыліпалі да ўладаў, чым вяскоўцы, спакушаліся і ў акупацыю, што калі не самім, дык іхнім дзецям удасца заняць нейкія пасады, стаць калі не панамі, дык хоць падпанкамі. Пасля таго разбою, які адбыўся ў Лядках 13 студзеня 1943 года, было ясна: варажнеча зменіцца крывавай помстай, якое свет ня бачыў. Прадчуванне навалы нянавісці і помсты прыгнятала.
Сем’і партызан вымушаныя былі ўцякаць за Нёман, у зону нашага дзеяння. Так утвараліся сямейныя лагеры, потым нават адкрыліся ў іх „зялёныя“ школы для дзяцей. Адказнасць за мірных людзей даймала нас найбольш, яна дадавала адвагі ў крытычных момантах баёў.
![Нёман Нёман](/img/v1/images/d8f7937b_66ed_44d1_bc38_a4b39e47fcb0_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нёман
Астаўшыся зусім адзінокімі ў гэтым свеце, многія хлопцы-партызаны толькі і жылі помстай, расплатай.
Зразумела, бывалі выпадкі, калі гэтае пачуццё скіроўвалася не супраць непасрэдных віноўнікаў трагедый, а супраць людзей, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з ворагамі.
Так загінулі па непаразуменні два сыны краўца Аляксея Клаўсуця, старэйшы за майго сябра Мішку Коля і меншы Віталь, якія перабеглі ў партызанскую зону запозна, у часе адступлення немцаў. На жаль, я не сустрэў іх і не мог ужыць свайго аўтарытэту, каб стрымаць акт самасуду, жорсткай расправы з боку тых, чые сем’і былі знішчаны гітлераўцамі ранняй вясною 1944 года. Я спецыяльна ездзіў у вёску Маласельцы, дзе Клаўсуці перасяліліся, пагарэўшы ў Сіняўцы, забіраць Мішку, бо яму якраз было адпаведнае месца ў рэдакцыі падпольнай газеты. Аднак ён збаяўся, прыкінуўся хворым на вушы. Потым, з братамі, ён чамусьці не пайшоў да нас, у сумяціцы апошніх дзён — некуды знік. Потым хадзілі чуткі, што ён жыве, затаіўшыся, у Польшчы...»
Вёску Сіняўскую Слабаду спалілі немцы як партызанскую базу. Сям’я краўца Клаўсуця перасяліліся пад Мір. У ліпені 1944 года, калі немцы пачалі адступленне, вырашылі вярнуцца дахаты. Не вярнуўся толькі той Мішка, сябра Калесніка. Напэўна, адчуваў тую «сляпую помсту». Ён уцёк у Польшчу.
![Магіла Андрэя Балабановіча Магіла Андрэя Балабановіча](/img/v1/images/6a3a3c0a_4ad9_42f8_9cf4_adac9bc4bdf1_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Магіла Андрэя Балабановіча
А мы тым часам падыходзім да іншай магілы. Дзе тая ж самая дата смерці. Андрэй Балабановіч. Забіты 3 ліпеня 44 года. Жыў 33 гады. Па словах жанчыны, яго забілі разам з братамі Клаўсуцямі. І трупы ўсіх траіх кінулі ў бліжэйшае балота. Балабановіч быў краўцом у Міры.
Яшчэ адну магілу, на ўскрайку могілак, знайсці немагчыма. Яна закіданая смеццем і друзам. А між тым тут пахаваная сям’я Варановічаў, ахвяры нацыстаў.
![Месца, дзе пахаваная сям'я Варановічаў Месца, дзе пахаваная сям'я Варановічаў](/img/v1/images/08af2745_bfc6_411f_b6ed_75a7abb53374_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Месца, дзе пахаваная сям'я Варановічаў
Пра гэтую сям’ю таксама піша Калеснік. На хутары Варановічаў цэлы год, ад лета 1941-га жылі і хаваліся байцы Чырвонай арміі. У чэрвені 42-га пра гэта стала вядома нацыстам. Хутар спалілі. Чырвонаармейцаў расстралялі. Разам з гаспадарамі хутара. Яшчэ некалькі гадоў таму тут стаялі надмагільныя помнікі. Але паступова помнікі павалілі, а магілу завалілі гарою смецця.
За могілкамі, недалёка ад нёманскага берага, стаіць дамок, у якім па вайне была школа, затым вясковая бібліятэка.
![102bedf8_c02c_45bd_a94e_0c556780a35f_w650_r0_s.jpg 102bedf8_c02c_45bd_a94e_0c556780a35f_w650_r0_s.jpg](/img/v1/images/102bedf8_c02c_45bd_a94e_0c556780a35f_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Але слаўны дамок не гэтым. Яшчэ зусім нядаўна на ім была памятная дошка, з якой можна было даведацца, што дом перавезены з Баранавіцкага партызанскага злучэння. Што ў дамку была партызанская друкарня, адкуль выходзілі падпольныя газеты і ўлёткі. Што пэўны час у гэтай друкарні працаваў партызан Янка Брыль. Па вайне ў гэтым доме была школа, потым бібліятэка. А потым дом выставілі на таргі і прадалі пад дачу. Новым мінскім гаспадарам тая дошка чамусьці муляла вока.
Гэта толькі здаецца, што сённяшняя ўлада клапоціцца пра памяць аб палеглых у вайне, захоўвае ўсё добрае, што было пры БССР. Цяжка ўявіць, што пры Машэраву дазволілі б прадаць хату, дзе была партызанская газета, ці ўхвалілі б дэмантаж партызанскай памятнай дошкі.
У сённяшняй Беларусі прыватная ўласнасць цудоўным чынам спалучаецца з савецкімі сімваламі. Савецкія парады — з сарванымі дошкамі. Нязменным застаецца толькі раструшчаны танкамі асфальт.
svaboda.org