Паўстанне 1831 года

Як тлее пад попелам гарачае вуголле, так у душах ліцьвінаў-беларусаў ніколі не патухала нянавісць да царскіх прыгнятальнікаў.

Невядомы аўтар. «Эпізод паўстання 1831 года». Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Невядомы аўтар. «Эпізод паўстання 1831 года». Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Змаганне за свабоду не спынялася. Вальналюбны дух паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага быў жывы. Нягледзячы на жорсткі пераслед, працягвалі дзейнічаць шматлікія таемныя таварыствы. Яны рыхтаваліся да збройнай барацьбы з каланізатарамі. Патрыёты натхняліся і падзеямі ў Еўропе. Улетку 1830 года адбылася рэвалюцыя ў Францыі. У той самы час пачаліся рэвалюцыйныя выступы ў Бельгіі, якія прывялі да вызвалення ад галандскіх войскаў і абвяшчэння незалежнасці краіны. Нашы продкі таксама хацелі самі быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

paustanne1830.jpg


Край узняўся за волю

Вызвольнае паўстанне на землях былой Рэчы Паспалітай распачалося напрыканцы лістапада 1830 года ў Польшчы. У гэты час расейскі цар Мікалай І абвясціў мабілізацыю, каб паслаць падуладных яму палякаў на задушэнне рэвалюцыі ў Францыі. У адказ нашы суседзі ўзяліся за зброю і ўжо назаўтра пасля першых стрэлаў па царскіх салдатах авалодалі Варшавай.

У беларускіх губернях расейскі ўрад абвясціў ваеннае становішча. Тут павялічылі колькасць войскаў, сачылі за ўсімі «падазронымі асобамі», шмат каго высылалі ўглыб Расеі. Паўсюль звальнялі з працы службоўцаў неправаслаўнай веры. Але гэта толькі дадавала змагарам рашучасці.

Увесну 1831 года Літва-Беларусь паўстала.

Найбольш чыннае змаганне разгарнулася на Віленшчыне, а пазней у ваколіцах Белавежскай пушчы.У Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Вілейскім паветах у паўстанні ўзялі ўдзел дзесяць тысяч ваяроў. А ўсяго на землях колішняга Вялікага Княства са зброяй у руках выступілі супроць расейцаў блізу 35 тысяч патрыётаў. Паўстанцкімі аддзеламі часта камандавалі былыя паплечнікі Касцюшкі і тыя, хто ваяваў пад сцягамі Напалеона.

Змагары-ліцьвіны заклікалі расейскіх дэмакратаў разам ваяваць з царызмам «за нашу і вашу свабоду», але тыя адказалі маўчаннем. Аляксандр Пушкін, якога ў Расеі часта называюць «певцом свободы», пісаў у лісце да свайго сябра паэта Пятра Вяземскага, што «паўстанне трэба задушыць, і нашая (гэта значыць, расейскіх карных войскаў) марудлівасць пакутлівая». У сапраўднасці як Пушкін, так і Лермантаў ды іншыя славутыя літаратары Расеі падтрымлівалі царскую палітыку паняволення суседніх народаў.

Штандар паўстанцаў 1830 года

Штандар паўстанцаў 1830 года

Ашмянская разня

Вялікі аддзел з 2500 паўстанцаў заняў Ашмяны. На чале змагароў стаялі колішнія ўдзельнікі напалеонаўскіх паходаў Парфір Важынскі і Караль Пшаздзецкі. Яны падзялілі падначаленых на роты ды эскадроны і распачалі паскоранае вайсковае навучанне.

На ашмянскіх ваяроў за свабоду царскія ўлады накіравалі 5 тысяч пяхоты, тры сотні казакоў і чатыры гарматы. Сілы былі няроўныя, і паўстанцы адступілі ў навакольныя лясы. Але некалькі сотняў нашых кавалерыстаў, пешых жаўнераў і сялян-касінераў, якія прыкрывалі адыход асноўных сілаў, засталіся ў Ашмянах і ўступілі ў бой з карнікамі. Расейцы пачалі разбураць горад агнём артылерыі, а затым уварваліся на вуліцы.

Ацалелыя відавочцы тых падзей пакінулі апісанні жудаснай разні. Царскія карнікі зарэзалі некалькіх ксяндзоў, уварваліся ў дамініканскі касцёл і перабілі жанчын і дзяцей, якія шукалі там паратунку. Расейцы рабавалі ды падпальвалі крамы і дамы мірных жыхароў, бязлітасна распраўляліся з гаспадарамі. Замкнёныя дзверы камяніц высаджвалі гарматнымі стрэламі. Казакі гойсалі па горадзе, страляючы па безабаронных людзях. Шаблямі секлі і старых, і малых. Тых, каму пашчасціла выжыць, «пераможцы» з дзікім рогатам да паўсмерці збівалі, голячы ахвярам галовы.

У той страшны дзень загінулі блізу 500 ашмянцаў — палова ўсяго гарадскога насельніцтва.

Даведаўшыся пра ашмянскую разню, цар Мікалай І задаволена сказаў: «Добры ўрок далі бунтаўнікам. Справы ў Літве выпраўляюцца».


Змагарныя дарогі

Цар кінуў на паўстанцаў у некалькі разоў большую, добра ўзброеную і вымуштраваную армію, але патушыць полымя барацьбы не ўдавалася.

Трохтысячны аддзел з сялянаў і шляхты вызваліў ад расейцаў і некалькі дзён утрымліваў горад Дзісну. Карнікі перамаглі змагароў на Меншчыне, але паўстанне разгарэлася на Гарадзеншчыне. Расейцаў разбілі ў Белавежскай пушчы.

Вільня апынулася ў паўстанцкай блакадзе, але вызваліць горад не ўдалося. Нацыянальны ўрад у Варшаве накіраваў на дапамогу ліцьвінам моцныя аддзелы генералаў Хлапоўскага і Гелгуда. У чэрвені на Панарскіх гарах пад Вільняй злучаныя сілы паўстанцаў сустрэліся з 25-тысячным расейскім войскам. Бітва доўжылася восем гадзін. У бітве за Вільню ў шэрагах паўстанцаў вызначыліся гераізмам адзінаццаць жанчын.

Чатыры тысячы змагароў пад камандаваннем генерала Дэмбінскага здолелі пасля Панарскай бітвы адарвацца ад ворага і рушылі на захад. Яны ішлі праз Жодзішкі, Смаргонь, Дзятлава, Дзярэчын, Зэльву, Поразава. Паўсюль да паўстанцаў далучаліся новыя патрыёты. Гэты паход выклікаў уздым паўстання ў Наваградскім і Слонімскім паветах. Там змаганне ўзначаліў шляхціч Язэп Кашыч, які калісьці ваяваў у Вялікай арміі Напалеона.

Аддзел Кашыча хутка вырас да тысячы ваяроў. Яны вызвалілі мястэчка Беліцу, а ў Наваградку раззброілі расейскую варту і выпусцілі з астрога арыштаваных баявых пабрацімаў. Іскры паўстання перакінуліся і на поўдзень — у Рэчыцкі, Мазырскі і Пінскі паветы, аднак і там змагары не маглі доўга вытрымаць націск пераважных сілаў царскіх карнікаў. Аслабляла паўстанцаў і тое, што яны не мелі адзінага правадыра.

У жніўні згаслі апошнія агмені змагання.


Расправа каланізатараў

На ўсходніх землях былога Вялікага Княства Літоўскага было скасаванае дзеянне Статута 1588 года, паводле якога нашы продкі жылі і пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Былі ўведзеныя чужыя, яшчэ напалову феадальныя расейскія законы. Праз некалькі гадоў, у 1840-м, тое самае адбылося і ў Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губернях. Беларусь хацелі ператварыць ва ўскраіну Расеі з расейскай мовай, расейскім праваслаўем і бяспамятным насельніцтвам, якое забылася б пра былую незалежную дзяржаву і сваю слаўную еўрапейскую гісторыю.

У 1832 годзе верны царскі служка тагачасны гарадзенскі губернатар Міхаіл Мураўёў, звяртаючыся да беларускай шляхты, папярэджваў: «Забудьте свои мечтания и помните, что если вы не станете по своим мыслям и чувствам русскими, вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».

Выбар Міхала Валовіча

Вызвольнае паўстанне 1831 года і гераізм яго ўдзельнікаў, што не пабаяліся кінуць выклік велізарнай і яшчэ магутнай царскай імперыі, пакінулі ў нашай гісторыі шмат яскравых старонак і выдатных імёнаў. Але Міхал Валовіч вылучаецца сярод герояў таго часу...

Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.

Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.


Бацька Казімір

Прадстаўнікі знакамітага шляхецкага роду Валовічаў займалі ў дзяржаве высокія пасады старастаў, ваяводаў, маршалкаў. За часамі Астафея Валовіча, канцлера Вялікага Княства Літоўскага, быў падрыхтаваны славуты Статут 1588 года, які пасля Люблінскай вуніі з Польшчай замацаваў дзяржаўную незалежнасць Княства. Ва ўсе часы Валовічы кіраваліся старадаўнім дэвізам ліцьвінскай шляхты: «Славу — Айчыне, гонар — нікому!».

Прыкладам продкаў-патрыётаў заўсёды натхняўся слонімскі падкаморы Казімір Валовіч. Ён узначальваў павятовы падкаморскі суд, які разглядаў справы землеўладання. Калі прыйшлі царскія каланізатары, падкаморыі мусілі замацоўваць нашыя спаконвечныя землі за новымі гаспадарамі — расейскімі памешчыкамі. А тыя павінны былі стаць апірышчым царскай улады ў заняволеным краі…

Валовіч вызначаўся адукаванасцю і часта падарожнічаў па замежных краінах. У сваіх уладаннях на Слонімшчыне ён уводзіў новыя формы гаспадарання. Казімір стаў перакананым прыхільнікам скасавання прыгоннага права і пачаў адпускаць сялянаў на волю. Гэта напалохала памешчыкаў-суседзяў, якія баяліся, што іхнія сяляне таксама запатрабуюць свабоды.


«Каго Бог злучыў, і смерць не ралучыць»

Міхал нарадзіўся 18 чэрвеняў 1806 года ў маёнтку Парэчча. У драўляным палацы на беразе ракі Шчара была добрая бібліятэка і галерэя з партрэтамі славутых продкаў.

Казімір Валовіч з малых гадоў выхоўваў у сына цікавасць да гісторыі Літвы-Беларусі і цвёрдую веру ў аднаўленне страчанай дзяржаўнасці. На прагулянках па прыгожым ліпавым парку, на недалёкай ад палаца маляўнічай прыстані або ў сваім кабінеце ў непагадзь — паўсюль Валовіч-старэйшы, бавячы час з сынам, заводзіў гаворку пра даўніх уладароў Вялікага Княства, пра перамогі нашых рыцараў пад Грунвальдам, Воршай і Кірхгольмам, пра страчаныя пасля прыходу чужынцаў шляхецкія вольнасці.

Казімір Валовіч вырашыў даць сыну добрую адукацыю. Спачатку Міхал вучыўся ў варшаўскай гімназіі, а затым паступіў у Віленскі ўніверсітэт.

Бацькавыя грунтоўныя «ўрокі гісторыі» не прайшлі дарэмна. Ва ўніверсітэце Валовіч-малодшы найбольш захапляўся лекцыямі прафесара-патрыёта гісторыка Яўхіма Лялевеля, а потым стаў ягоным сябрам.

Атрымаўшы ўніверсітэцкі дыплом, Валовіч-малодшы некалькі гадоў гаспадарыў у родным Парэччы, якое бацькі перадалі сыну ва ўласнасць. Шмат хто з суседзяў зайздросціў Міхалу, якога наперадзе магла чакаць спакойная і забяспечаная будучыня. Аднак такое жыццё было не для яго.

Калі выбухнула вызвольнае паўстанне ў Польшчы і распачалася падрыхтоўка да збройнага змагання ў Літве-Беларусі, Міхал Валовіч далучыўся да паўстанцкага камітэта ў Слонімскім павеце. У снежні 1831-га таварышы выправілі яго ў Вільню, каб атрымаць інструкцыі, як дзейнічаць далей.

Перад няблізкай і небяспечнай дарогаю Валовіч завітаў да сваёй нарачонай Касільды. Цяпер іхні шлюб адкладваўся, наперадзе была невядомасць. Міхал жартаваў і абяцаў хутка вярнуцца, але дзявочае сэрца прадчувала, што іхняе шчасце будзе нядоўгім. Абдымаючы любага і стрымліваючы слёзы, прыгажуня Касільда прамовіла: «Ідзі, куды кліча цябе сэрца, душа мая пойдзе за табой. Адчуваю, што яшчэ раз убачымся на зямлі, а потым, відаць, ужо на нябёсах. Але каго Бог злучыў, таго і смерць не разлучыць».

Пацалаваўшы каханую Касільду, Міхал ускочыў на каня і не азіраўся, пакуль брама не засталася далёка за плячыма. Ягоныя вочы таксама былі вільготныя.

Заставалася развітацца з бацькам. Той блаславіў сына і аддаў яму прыхаваную ў 1812 годзе зброю: два пісталеты і стрэльбу-дубальтоўку.


«Няма для вас ні пораху, ні карабінаў»

Перад Калядамі Валовіча з чатырма паплечнікамі накіравалі з Вільні на перамовы ў Варшаву. Віленскі паўстанцкі камітэт спадзяваўся атрымаць ад палякаў дапамогу і ўзняць патрыётаў у Літве-Беларусі.

Пяцёра маладых ліцьвінаў на чале з Міхалам ехалі на конях. Па дарогах у бок Польшчы рухаліся расейскія войскі. Даводзілася зноў і зноў аб’язджаць моцныя варожыя заслоны і патрулі па лясных сцежках і замеценых снегам палях. Аднойчы патрыёты ўсё ж патрапілі ў акружэнне і былі прыціснутыя казакамі да яшчэ не скутага лёдам Нёмана.

Ад палону і расправы паўстанцкія пасланцы ўратаваліся толькі дзякуючы мужнасці і рашучасці свайго камандзіра. Той павярнуў вернага каня і кінуўся разам з ім у сцюдзёную ваду, даючы прыклад сябрам. Ліцьвіны адолелі нёманскую плынь і выбраліся на процілеглы бераг. Расейскія казакі не адважыліся на гэта і спынілі пагоню.

Калі Міхал з таварышамі нарэшце дасягнулі Варшавы і сустрэліся з тагачасным кіраўніком польскага паўстання генералам Юзафам Хлапіцкім, іх чакала горкае расчараванне. Фанабэрлівы і недальнабачны генерал сказаў паслам-ліцьвінам: «Няма для вас ні пораху, ні карабінаў, ні нават крэмняў да стрэльбаў. Мне трэба не галота ды апалчэнцы, а сапраўднае войска».

Ліцьвінскім патрыётам даводзілася разлічваць толькі на ўласныя сілы.


Паходы і бітвы

Увесну 1831 года, калі змаганне ахапіла нашы землі, Казімір Валовіч заклаў свой маёнтак за 30 тысяч рублёў. Усе атрыманыя грошы ён аддаў на зброю і амуніцыю для двух слонімскіх паўстанцкіх аддзелаў і сам стаў ваяром у адным з іх.

Тым часам Валовіч-малодшы ўжо ваяваў з царскімі войскамі ў Польшчы ў складзе добраахвотнікаў-ліцьвінаў. Вярнуўшыся на землі Вялікага Княства, ён выконваў адказныя даручэнні камандавання. Паўстанцам па-ранейшаму не хапала зброі. Палякі пагадзіліся дапамагчы — аправіць зафрахтаваны англійскі карабель з узбраеннем у балтыйскі порт Палангу. Міхал Валовіч разам з земляком-слонімцам Лявонам Працлаўскім атрымалі загад сустрэць і разгрузіць карабель.

Калі двое ліцьвінаў дасягнулі Палангі, яе ўжо захапілі расейскія войскі. Тады паўстанцы пастанавілі ўзяць горад штурмам. Міхал стаў сувязным навакольных змагарскіх аддзелаў і некалькі дзён амаль не сыходзіў з каня. Падчас гераічнай бітвы за горад Валовіч і Працлаўскі былі ў шэрагах тых, хто прабіўся да галоўных гарадскіх умацаванняў. Аднак да расейцаў падышлі вялікія свежыя сілы, і паўстанцы мусілі адступіць. За той бой Валовічу надалі званне ротмістра (капітана) кавалерыі і найвышэйшую вайсковую ўзнагароду — ордэн «Віртуці мілітары».

Неўзабаве Міхал уступіў у польскі корпус генерала Гелгуда, які рухаўся на Вільню. Спачатку вядомы і загартаваны ў баях паўстанец служыў простым жаўнерам, але ўжо праз некалькі дзён яго прызначылі ад’ютантам генерала Шыманоўскага…

Расейцы падцягнулі да Вільні падмацаванне, і паўстанцкі штурм не меў поспеху. Пасля вядомай Панарскай бітвы нашыя змагары з баямі адступалі. Аддзел Валовіча перайшоў мяжу з Прусіяй і быў узяты пад варту. Аднак Міхал не хацеў адседжвацца, калі баявыя пабрацімы на радзіме працягвалі ліць кроў. Разам з чатырма сябрамі ён здолеў набыць сялянскую вопратку і ўцячы з-пад аховы прусакоў. Але па дарозе ў Беларусь Валовіча схапілі, аддалі пад суд і зняволілі ў Тыльзіцкай турме. Прускае начальства прапанавала Міхалу даць слова гонару, што больш не будзе ладзіць уцёкі, каб зноў узяцца за зброю. У такім выпадку яму абяцалі вызваленне і магчымасць ад’езду ў адну з еўрапейскіх краін. Валовіч без ваганняў адмовіўся. За гэта знакамітага паўстанца перавялі ў іншую турму, дзе трымалі ў камеры з забойцамі і злодзеямі.


У Парыжы

Пасля шматлікіх выпрабаванняў Міхал Валовіч урэшце апынуўся ў французскай сталіцы. Там ён сустрэўся з бацькам і даведаўся, што на радзіме расейскія ўлады забралі ўсю іхнюю маёмасць. Каланізатары прысабечылі таксама багатую бібліятэку Валовічаў. 165 каштоўных кніг на польскай, нямецкай і французскай мовах адправілі ў Пецярбург.

У Францыі знайшлі прытулак шмат былых змагароў 1831 года. Да іх ставіліся прыязна, бо гераізм нашых продкаў не дазволіў Расеі ў той час паслаць войскі, каб душыць французскую рэвалюцыю. Колішнія паўстанцы стварылі Таварыства Літоўскіх і Рускіх земляў і пастанавілі працягнуць барацьбу. Міхал Валовіч і яго таварышы ставілі мэту аднавіць Канстытуцыю 1791 года, даць сялянам зямлю і волю, абвясціць усіх жыхароў краіны роўнымі. Патрыётаў узначаліў адзін з кіраўнікоў нядаўняга паўстання палкоўнік Юзаф Заліўскі. Яны цвёрда вырашылі вярнуцца на радзіму і зноў распачаць збройную барацьбу з расейцамі, каб абвясціць землі былога Вялікага Княства незалежнай рэспублікай. 26-гадовага Валовіча зацвердзілі паўстанцкім начальнікам слонімска-наваградскай акругі…


На Радзіму!

Пакінуўшы спакойнае жыццё ў Парыжы, Міхал з памочнікам Язэпам Яцкевічам у сакавіку 1833 года выправіўся на паняволеную, але ўсё адно бясконца дарагую сэрцу Літву-Беларусь.

Патрыёты таемна перайшлі расейскую мяжу. Пры сабе яны мелі карту, два пісталеты, зменную бялізну і крыху грошай. Рухаліся пешкі, па вясновым бездарожжы, абмінаючы вёскі. Валовіча вяла і надзея пабачыцца з нарачонай Касільдай. Ён ведаў, што тая, дачуўшыся пра падрыхтоўку новага паўстання, адмовілася ад выезду ў Францыю і вырашыла дачакацца каханага. Міхал захоўваў партрэт нарачонай у медальёне каля сэрца.

Праз два тыдні Міхал і Язэп дабраліся да роднай Слонімшчыны. Валовіч сустрэўся са сваяком, які нядаўна вярнуўся з царскай высылкі. Той угаворваў Міхала адмовіцца ад задуманага і як мага хутчэй пакінуць Расейскую імперыю. Валовіч адказаў: «Я зрабіў выбар і вярнуўся ў сваю Айчыну, каб рэшту жыцця правесці ў тутэйшых лясах і, калі давядзецца, памерці ў родным краі».


Адзінаццаць партызанаў

Міхал стварыў невялікі партызанскі аддзел. Ягоным паплечнікам адразу стаў былы прыгонны селянін Міхал Песакоўскі, якому калісьці Валовіч-старэйшы даў волю. Да іх далучыліся палясоўшчык Лявон Тарасюк, сяляне Мікола Фярадка, Аляксандр Лапко, Сцяпан Сідаркевіч, Ян Панасюк ды ягоны брат Базыль, які хаваўся ад рэкруцкага набору. Зброю ўзяў у рукі таксама былы паўстанец 1831 года кравец Тамаш Васіліцкі…

Базаю для аддзела служыла закінутая лясная смалакурня ў адным з бацькавых фальваркаў. Пад камандаю Валовіча было пакуль толькі дзесяць ваяроў, але царскія ўлады баяліся, што паўстанне зноў разгарыцца. Яны так перапалохаліся, што паслалі на жменьку партызанаў некалькі тысяч карнікаў.

Язэпа Яцкевіча, з якім вярнуўся ў родныя мясціны, Міхал накіраваў у Вільню з заданнем наладзіць сувязь з іншымі змагарскімі аддзеламі. Аднак пасланца напаткала бяда. У мястэчку Воранава карчмар Хаім Янкелевіч за 150 рублёў выдаў Язэпа царскім жандарам. Звестак з Вільні не было, і Валовіч пачаў дзейнічаць самастойна.

Міхал планаваў захапіць слонімскую турму і вызваліць зняволеных там паўстанцаў. На тракце Берасце — Слонім —Вільня партызаны здзейснілі напад на расейскую паштовую брычку, што перавозіла грошы. Гарадзенскі губернатар Міхаіл Мураўёў быў раз’ятраны і разаслаў ва ўсе куткі Слонімскага павета загад пра бязлітаснае пакаранне кожнаму, хто будзе дапамагаць партызанам. Але аблавы царскіх карнікаў скончыліся нічым: Міхал Валовіч паспеў перавесці свой аддзел у наваградскія лясы.

Асоба партызанскага камандзіра была невядомая ўладам, і ён мог бы змагацца яшчэ доўга, каб не здрада былога прыяцеля і сваяка шляхціча Яна Валовіча. Той паведаміў карнікам пра колькасць змагароў ды іхняга камандзіра. Расейцы ўзнагародзілі здрадніка тысячай рублёў, а большасць сваякоў і суседзяў — вечнай пагардай.

Карнікі разлічвалі хутка расправіцца з маленькім аддзелам Міхала Валовіча, але іх чакала непрыемная навіна. 28 паўстанцаў з слонімскай турмы абяззброілі канвой і ўцяклі ў лес. Калі б яны злучыліся з партызанамі, узнік бы моцны аддзел з выдатным веданнем мясцовасці і спачуваннем навакольнага насельніцтва. Каб не дапусціць гэтага, улады перакінулі на Гарадзеншчыну дадатковыя сілы. Паўстанцаў высочвалі ажно 10 тысяч царскіх салдат і афіцэраў.


Смерць героя

Кальцо аблавы сціскалася. Пасля сутычак з расейцамі ў Валовіча засталося ўсяго трое падначаленых, што наважыліся застацца з камандзірам да канца. Партызаны хаваліся ў леснічоўках, пад мастамі, у стагах сена. Патрулі карнікаў усё ж змаглі выйсці на іхні след. Калі Міхала спрабавалі схапіць, ён параніў кінжалам двух ворагаў, а потым, каб не дацца жывым, спрабаваў забіць сябе.

Валовіча адправілі ў Горадню да губернатара Мураўёва. Пад час сустрэчы той паспрабаваў выклікаць у арыштанта давер: пасадзіў яго побач з сабой на канапу, частаваў гарбатай, абяцаў у абмен на шчырасць палегчыць прысуд. Убачыўшы, што ўсе яноныя хітрыкі марныя, Мураўёў накінуўся на вязня і стаў пляваць яму ў твар. Пад наглядам і з дапамогаю аховы царскі сатрап збіў Міхала так, што той ужо не мог ісці. Канвойныя мусілі несці пакутніка ў камеру на руках.

Паўстанцы Міхал Валовіч і Артур Завіша каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі

Паўстанцы Міхал Валовіч і Артур Завіша каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі

На допытах партызанскі камандзір трымаўся гераічна і не назваў нікога з паплечнікаў. Валовіча прысудзілі да смерці. Загадам губернатара Мураўёва 2 жніўня 1833 года на адным з гарадзенскіх пляцаў паставілі шыбеніцу і сагналі некалькі тысяч жыхароў. Ім абвясцілі, што будзе павешаны небяспечны злачынец.

Тым часам да Горадні, увесь час просячы фурмана нанятай карэты прыспешыць коней, набліжалася Міхалава маці Мар’яна. У Пецярбурзе яна здолела дабіцца аўдыенцыі з царом і дамаглася ад яго замены смяротнага пакарання для сына. Але калі пані Мар’яна сустрэлася з губернатарам Мураўёвым, Міхала ўжо дзве гадзіны не было ў жывых. Магчыма, кат паўстанцаў ведаў пра памілаванне і таму загадаў паскорыць кару.

Пад покрывам ночы расейскія салдаты перавезлі цела Валовіча ў стары вапнавы кар’ер і таемна закапалі, каб ніхто не ведаў, дзе магіла героя. Жорстка пакаралі і ўсіх баявых таварышаў партызанскага камандзіра: іх асудзілі на сібірскую катаргу, турму або пажыццёвую салдацкую службу.


Жывая памяць

Шчодра заплаціўшы расейскім чыноўнікам, маці Валовіча даведалася, дзе знаходзяцца ягоныя парэшткі. Яна перапахавала сына на беразе Шчары побач з родным Парэччам. Колішні надмагільны помнік з белага мармуру з залатымі літарамі не захаваўся. Не ацалеў да нашых дзён і яшчэ адзін помнік, усталяваны ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя на месцы захопу Валовіча царскімі карнікамі.

Аднак памяць пра адважнага паўстанца жывая. Удзячныя землякі зрабілі на Парэцкіх кладах сімвалічную магілу з мемарыяльным крыжам, што стаяў некалі каля збудаванай Валовічамі вуніяцкай царквы. Кожны год у дзень смерці змагара тут збіраюцца жыхары Парэчча. Ушана­ваць памяць Міхала Валовіча з усёй Беларусі прыязджаюць палітыкі і гісторыкі, паэты і музыкі…

На магіле паўстанцаў 1831-34 гадоў у Парэччы Слонімскага раёна

На магіле паўстанцаў 1831-34 гадоў у Парэччы Слонімскага раёна


Графіня Эмілія Плятэр

У змагарныя дні вызвольнага паўстання 1831года побач з мужчынамі, як і заўсёды, былі іхнія паплечніцы — прыгожыя, верныя і ахвярныя жанчыны-ліцьвінкі. Яны натхнялі братоў і каханых на гераічныя ўчынкі, дапамагалі забяспечваць паўстанцкія аддзелы харчовымі прыпасамі і медыкаментамі, хавалі ад царскіх карнікаў і лекавалі параненых змагароў, былі сувязнымі і выведніцамі, захоўвалі, а часам і выраблялі зброю. Нямала знайшлося і тых, хто стаў са зброяй у баявыя шыхты змагароў. Найбольшую славу сярод гэтых жанчын здабыла беларуская графіня Эмілія Плятэр, якую сучаснікі называлі нашай Жаннай д’Арк.


Юная амазонка

Яна нарадзілася 13 лістапада1806 года ў Вільні і пражыла ў нашай старажытнай сталіцы свае першыя гады. Багаты род Плятараў вызначаўся захаваннем старадаўніх рыцарскіх традыцый і гарачым патрыятызмам. На ўсё жыццё Эмілія запомніла, як у чэрвені 1812 года расейскія войскі панура адступалі з Вільні пад націскам Напалеона, а яе тата Францішак Ксаверы, стоячы на балконе свайго палаца на Замкавай вуліцы, пляскаў у ладкі і радасна выгукваў «Скатертью дорога!». Дзяўчо магло застацца сіратой, бо расейцы распачалі па графу Плятэру страляніну.

З дзевяці гадоў дзяўчынка выхоўвалася ў маёнтку Ліксна паблізу старажытнага Дзвінска-Дынабурга (цяпер гэта Даўгаўпілс у Латвіі), які належаў да Віцебскай губерні. Графіні Ганне не вельмі падабалася, што дачка замест звычайных дзявочых заняткаў лётае па навакольных палях і лугах на кані ды практыкуецца разам са стрыечнымі братамі ў фехтаванні і стральбе. Суседзі-шляхцічы называлі Эмілію амазонкай, параўноўваючы яе з жанчынамі-ваяркамі са старажытнагрэцкіх міфаў.

Эмілія Плятэр

Эмілія Плятэр



Вольнае сэрца

Юная графіня праславілася не толькі поспехамі ў шляхецкіх мужчынскіх забавах. Яна цудоўна ведала айчынную і еўрапейскую гісторыю, вольна валодала пяццю мовамі, выдатна грала на фартэпіяна.

Эмілія перачытала ледзь не ўсю сабраную ў маёнтку багатую бібліятэку. Яе сэрца найбольш адгукалася на кнігі пра змаганне за свабоду і незалежнасць. Улюбёнай гераіняю дзяўчыны зрабілася вядомая з гісторыі Сярэднявечча жанчына-ваярка Жанна д’Арк, што вызначылася ў вайне за незалежнасць роднай Францыі ад англічанаў. Як і славутая францужанка, Эмілія прайшла ў юнацтве сімвалічны абрад пасвячэння ў рыцары.

Руіны палаца ў маёнтку Ліксна (Дынабургскі павет), дзе правяла дзяцінства Эмілія Плятэр. Малюнак Напалеона Орды, 1870-ыя гг.

Руіны палаца ў маёнтку Ліксна (Дынабургскі павет), дзе правяла дзяцінства Эмілія Плятэр. Малюнак Напалеона Орды, 1870-ыя гг.

Маладая ліцьвінка хацела быць падобнай і на славутую змагарку за вызваленне Грэцыі ад турэцкага прыгнёту Ласкарыну Бабул’іну, якая на свае грошы стварыла цэлую армію і невялікі флот паўстанцаў.

Эмілія зачытвалася паэмай Адама Міцкевіча «Гражына». У мужавым панцыры адважная Гражына павяла нашых рыцараў на бітву з тэўтонцамі. Юная графіня не раз бачыла сябе ў снах у абліччы Гражыны, але яна вяла ваяроў супроць заваёўнікаў-расейцаў.

У васямнаццаць гадоў Эмілія цяжка перажывала разгром царскімі жандарамі таемнага таварыства філаматаў і філарэтаў. Сярод маладых патрыётаў былі і яе браты — студэнты Віленскага ўніверсітэта.

Міхал Плятэр напісаў на дошцы ў студэнцкай аўдыторыі заклік «Няхай жыве Канстытуцыя 3 траўня!». Гаворка ішла пра перадавую Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, якая стала першай у Еўропе. Учынкі, падобныя Міхалаву, улады Расейскай імперыі лічылі злачынствам. Юнака адправілі ў салдаты.


«Як скача пані «Лепятуху»!»

Маладая арыстакратка ніколі не цуралася простага люду. Яна палюбіла беларускія паданні, казкі ды песні і, вандруючы па родным краі, збірала гэтае неацэннае багацце. Эмілія заўсёды шчодра аддзячвала вясковым пяюхам і казачніцам. Натхняючыся народнымі творамі, графіня сама пачала пісаць па-беларуску вершы і абразкі. Сядала за фартэпіяна, і яно пачынала гучаць то амаль як дуда, то як жалейка або цымбалы. Яна запісала шмат складаных беларускіх песняў-галашэнняў і навучылася спяваць іх так пранікнёна, што слухачы нямелі ад здзіўлення і не маглі стрымаць слёз.

Юную графіню можна было ўбачыць на вясковых і местачковых святах. Эмілія захаплялася народнымі танцамі і не была простай глядачкай. Калі яна танчыла «польку» ці «Лявоніху», ёй маглі пазайздросціць самыя добрыя танцоркі. А найлепей атрымлівалася ў графіні «Лепятуха». Гледачы ажно прыцмоквалі языкамі: «Ах як пані скача! Ну проста лётае».

Эмілія Плятэр. Гравіроўка XIX стагоддзя, зробленая ананімным аўтарам

Эмілія Плятэр. Гравіроўка XIX стагоддзя, зробленая ананімным аўтарам


Расейскаму генералу — беларускі гарбуз

У абаяльнай, разумнай і багатай маладой графіні было шмат яўных і таемных прыхільнікаў. Да яе заляцаліся расейскія афіцэры з Дынабурга. Аднойчы прыслаў сватоў сам камендант Дынабургскай фартэцы генерал Каблукоў.

Арыстакратка-ліцьвінка адмовіла генералу. Захаваліся звесткі, што паводле народнага звычаю, графіня вынесла сватам-расейцам гарбуза.

Генерал Каблукоў быў у вачах Эміліі ўвасабленнем чужынскай улады, якая знішчыла незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, патапіла ў крыві паўстанне Тадэвуша Касцюшкі.


Рыхтавалася ўсё жыццё

Калі на пачатку 1831 года распачатае ў Польшчы вызвольнае паўстанне перакінулася ў Літву-Беларусь, Эміліі Плятэр ішоў дваццаць пяты год. Вось калі ёй вельмі спатрэбіліся дзіцячыя захапленні верхавой яздой і стральбой з агняпальнай зброі. Графіня коратка пастрыглася, апранула вайсковую форму і асядлала ўлюбёнага каня.

Адважная жанчына пакінула багаты дом, балі ды забавы і далучылася да змагароў. У тыя дні ў дзённіку яна запісала, што ўсё жыццё рыхтавалася да змагання за волю дзеля Айчыны.

Сваім коштам графіня за некалькі дзён стварыла вялікі паўстанцкі аддзел з 280 пяхотнікаў, 60 коннікаў і некалькіх сотняў узброеных косамі сялян — касінераў. Сярод падначаленых Эміліі ваявалі яшчэ тыя, хто ў маладосці змагаўся пад сцягамі Касцюшкі. Але бывалыя ваяры-мужчыны паважалі графіню і выконвалі яе загады.

Поруч з паўстанцкай камандзіркай дзяліла цяжкасці ды нягоды паўстанцкага жыцця яе сяброўка і ад’ютантка Марыя Прушынская — таксама зусім маладая жанчына. Узяла ў рукі зброю і далучылася да аддзела графіні шляхцянка Марыя Рашановіч, якая да паўстання была настаўніцай. Яшчэ адной паплечніцай Эміліі Плятэр была зусім юная Валерыя Ражазінская. Гэтая дзяўчынка, якой не споўнілася і дзесяці гадоў, стала смелай выведніцай.

Гісторыя захавала імёны і іншых жанчын і дзяўчат, якія далучыліся да паўстанцаў: Вільгельміна Каспровіч, Антаніна Тамашэўская, Кунегунда Агінская, Ганна Жылінская. Адзінаццаць паўстанак удзельнічалі ў бітве на Панарскіх гарах пад Вільняй. Усе яны добра ведалі пра Эмілію Плятэр і натхняліся яе прыкладам.

Эмілія Плятэр на чале сялян-касінераў у 1831 годзе, карціна Яна Розэна

Эмілія Плятэр на чале сялян-касінераў у 1831 годзе, карціна Яна Розэна


Капітан паўстанцаў

Надзейным паплечнікам і дарадцам Эміліі стаў яе былы сябар па дзіцячых гульнях стрыечны брат Цэзары Плятэр. Ён вучыўся ў Берліне, але, як і многія студэнты-ліцьвіны, пачуўшы пра паўстанне, вярнуўся на радзіму і ўзяў у рукі зброю.

Эмілія разам з Цэзарыем павяла свой аддзел на Дынабургскую фартэцу, дзе паўстанцы разлічвалі захапіць вялікія запасы зброі для сябе і баявых пабрацімаў. Па дарозе аддзел графіні разбіў расейцаў каля паштовай станцыі Даўгелі. Авалодаць фартэцай, якую абараняў вялікі гарнізон царскіх войскаў, не ўдалося, але змагары на чале з графіняй вызначыўся ў баі пад Уцянамі і вызвалілі ад расейцаў мястэчка Езяросы (цяпер Зарасай у Літве).

Аддзел Плятэр і надалей вёў пераможныя баі з расейскімі карнікамі на памежжы Віцебшчыны і Віленшчыны. За гераізм у баях графіня Плятэр атрымала ад кіраўніцтва паўстання ганаровую пасаду камандзіра роты і званне капітана.

Пазней паўстанцы Эміліі вызначыліся ў бітве пад Коўняй. Паблізу Шаўляў у баі з карнікамі Плятэр трапіла ў засаду. Амаль усе яе ваяры палеглі, а сама яна здолела ўратавацца толькі дзівам.

У тыя гераічныя дні на адным з паўстанцкіх прывалаў з Эміліяй сустрэўся колішні філамат Ігнат Дамейка. Ён пакінуў у сваіх нататках партрэт адважнай ліцьвінкі: «Негаваркая і сур’ёзная, паглядная і стрункая, з бледным, але прыемным тварам і блакітнымі вачыма».

Вестка пра гераіню паўстання шырока разляцелася па свеце. Натхнёныя вершы ёй прысвячалі паэты ў Францыі, Брытаніі, Італіі, Венгрыі, Нямеччыне.


«Смерць палкоўніка»

Паўстанцы не мелі шанцаў перамагчы велізарную, добра ўзброеную і загартаваную ў захопніцкіх войнах царскую армію. Сілы змагароў таялі. Невялікія, разбітыя карнікамі паўстанцкія аддзелы адступалі з Беларусі на захад.

Знясіленая ў баях ды паходах нялёгкіх і для мужчын, Эмілія захварэла і ўжо не магла ездзіць на кані. Яе прытуліў гаспадар маёнтка Юстынава Ігнат Абламовіч. Паўстанку удалося схаваць ад царскіх карнікаў, выдаўшы яе за настаўніцу шляхецкіх дзяцей. Але цяжкая хвароба не адпускала. Неўзабаве кароткае жыццё паўстанцкага капітана абарвалася.

Стары нагробак Эміліі Плятэр захаваўся на скрыжаваньні дарог у вёсцы Капцёва. Фота © Dominik Abłamowicz

Стары нагробак Эміліі Плятэр захаваўся на скрыжаваньні дарог у вёсцы Капцёва. Фота © Dominik Abłamowicz


Гераіню 1831 года пахавалі недалёка ад беларускага мястэчка Сапоцкін у вёсцы Капцёва (цяпер Капчамесціс у Літве). Там захавалася магіла графіні Плятэр, а таксама ўсталяваны помнік нашай суайчынніцы.

Магіла Эміліі Пятэр на старых могілках у Капцёве. Фота © Dominik Abłamowicz

Магіла Эміліі Пятэр на старых могілках у Капцёве. Фота © Dominik Abłamowicz

Адам Міцкевіч адгукнуўся на сыход Эміліі Плятэр у вечнасць вершам «Смерць палкоўніка». Паэт ведаў, што графіня — не палкоўнік, а капітан, але ад захаплення яе мужнасцю павысіў суайчынніцу ў вайсковым званні.

Памяць пра знакамітую ліцьвінку жыве ў стагоддзях. Пра яе яскравае імклівае жыццё напісаныя кнігі. Яе імем названы адзін з відаў прыгожай кветкі — клемаціс «Эмілія Плятэр». Свае творы прысвяцілі паўстанскай камандзірцы кампазітары і мастакі. Эмілія Плятэр будзе глядзець на нас з вокладкі другой часткі кнігі «Айчына», апавяданні з якой вы чытаеце цяпер у «Літаратурнай Беларусі».