«Сымон Музыка» выйшаў без цэнзуры. Праз 100 гадоў

Выдавецтва «Медыял» зрабіла на Каляды беларускім бібліяфілам цудоўны кніжны падарунак. Яно выдала ў першародным варыянце самы загадкавы, самы лірычны, самы драматычны твор класіка беларускай літаратуры, піша Радыё Свабода.

symon.jpg

Першы варыянт сваёй паэмы «Сымон Музыка» Якуб Колас выпусціў у 1918-м. А пісаць пачаў яшчэ ў 1911-м, адразу па вызвалення з мінскай турмы, у якой адбыў пяць гадоў за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе.
Паэму не раз перарабляў аўтар, а яшчэ больш рэдагавалі цэнзары. Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч усё жыццё трымаў у памяці сапраўдны, непадцэнзурны варыянт твора, які і стаў асновай гэтай кнігі. Уклаў яе гісторык і літаратуразнаўца Анатоль Трафімчык. Каардынатар выдання — Глеб Лабадзенка.
«Сымон Музыка“ — адзін з самых загадкавых твораў у сусветным мастацтве. Глыбінны сэнс яго сымбалічных вобразаў і матываў яшчэ не раскрыты ў літаратуразнаўстве», — пісаў філосаф Уладзімір Конан. За савецкім часам, калі нават даследчыкам творчасці Якуба Коласа не былі даступныя ўсе ягоныя рукапісы, раскрыць таемныя сымбалі і знакі паэмы не ўяўлялася магчымым.
Асноўны пасыл паэмы — неразуменне простым народам сваіх геніяў. Непрызнаныя маладыя таленты нярэдка гінулі. І гэтак адназначна можна было ўспрымаць лёс Сымона Музыкі паводле першай аўтарскай версіі. Але пазнейшыя дадаткі і пераробкі, забароненыя савецкай цэнзурай амаль 100 гадоў, паказваюць значна шырэйшы і глыбейшы сэнс паэмы і сімболіку галоўнага героя.