Таямнічы «Манускрыпт Войніча»: пры чым тут Гродна?
Калі вы трапіце на экскурсію ў гродзенскую аптэку-музей, дык паміж гісторыямі пра знакамітых гродзенскіх аптэкараў, анатамічнае ўскрыццё цела караля Стэфана Баторыя ды дзейнасць мясцовых езуітаў, прыязныя жанчыны-экскурсаводы могуць згадаць і пра Міхаіла Войніча.
Маўляў, гэты ўраджэнец літоўскіх Цельшаў (Цяльшая) ў першай палове 1880-х гг. неаднойчы наведваў Гродна, працуючы памочнікам аптэкара ў недалёкім Марыямпалі.
Не проста прыязджаў у Гродна, але нават трошкі жыў, усталёўваючы кантакты з мясцовымі сацыялістамі, дапоўняць некаторыя гісторыкі.
Спадзяемся, у глыбінях гродзенскага гістарычнага архіва знойдуцца новыя матэрыялы пра побыт Міхаіла Войніча ў Гродне. Мы ж скажам некалькі словаў пра справу, стаўшую самай важнай у яго жыцці – знаходку так званага “Манускрыпта Войніча”.
Высылка ў Сібір, знаёмства з Пілсудскім і нечаканая сустрэча ў Англіі
Міхаіл Войніч, які нарадзіўся ў 1864 г., быў сынам небагатага літоўскага шляхціча. Яго дзяцінства прайшло ў пераездах і вучобе ў Цельшах, Сувалках, Вільні і Маскве. Звязаўшыся з польскімі сацыялістамі, Войніч спрабуе выратаваць іх з Варшаўскай цытадэлі, сам трапляе туды, адбыўшы пакаранне апраўляецца ў высылку ў Сібір, дзе знаёміцца з Юзафам Пілсудскім.
Праз Манголію і Кітай яму ўдаецца перабрацца ў Англію, дзе ён не мае ніякіх канкрэтных справаў. Амаль выпадкова ён сустракае прыгожую бландынку, якую, як яму здаецца, ён бачыў недзе недалёка ад Варшаўскай цытадэлі. Дзяўчыну завуць Этэль Буль, яна дачка вядомага матэматыка і сваячніца некалькіх знаных брытанскіх палітыкаў.
Этэль і праўда бывала некалькі гадоў таму ў Варшаве. Такая вось сустрэча ў велізарным горадзе праз некалькі гадоў і паўсвету.
Этэль напісала раман, Міхаіл адшукаў самы таямнічы рукапіс у свеце
Зразумела, што Этэль Буль і Міхаіл Войніч ажаніліся. Цяпер яны быццам памяняліся ролямі. Этэль Войніч напісала і выдала знакаміты раман “Авадзень”, прысвечаны італьянскім рэвалюцыянерам першай паловы ХІХ ст.. Міхаіл (або, як ён пераіменаваў сябе ў Англіі — Уілфрэд) Войніч зацікавіўся антыкварыятам. Ён адкрыў антыкварную краму ў Лондане, а пасля пераезду сям’і ў Амерыку — і ў Нью-Ёрку.
Войніч шнырыў па старой Еўропе, шукаючы цікавыя кнігі і прадметы. У 1912 г. яму ўдалося набыць некалькі дзясяткаў рукапісаў з нейкай закрытай езуіцкай установы. Сярод іх быў незразумелы рукапіс, які антыквар называў з-за сціплай вокладкі “брыдкім качаняткам”. У гісторыю жа ён увайшоў як “Мансукрыпт Войніча”.
“Авадзень” мільённымі накладамі выдаваўся ў СССР, але аўтарка пра гэта не ведала
Міхал Войніч памёр у 1930 г. ад рака страўніка. Усе ягоныя антыкварныя скарбы перайшлі да Этэль Войніч, якая перахоўвала іх нават не разбіраючы.
У 1955 г. папулярнасць рамана “Авадзень” ізноў рэзка ўзнялася на фоне чарговай зробленай у СССР экранізацыі. Калі савецкія літаратары адшукалі ў Нью-Ёрку дзевяностагадовую Этэль Войніч, яна была вельмі здзіўлена, што пра яе творчасць так добра ведаюць у савецкай краіне. Там кніга выдавалася шматмільённымі накладамі, але аўтарка, зразумела, ніякіх ганарарных адлічэнняў не атрымлівалася.
Пасля смерці Этэль у 1960 г. “Рукапіс Войніча”, пахадзіўшы па руках, асеў у аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі Ельскага ўніверсітэта.
Манускрыпт Войніча: невядомая мова і тямнічыя расліны
Манускрыпт Войніча мае больш за 270 старонак і напісаны знакамі, якія найбольш нагадваюць пісьмо эльфаў з кніжак Толкіна. Кніга складаецца з умоўных пяці раздзелаў, якія можна выдзеліць па асаблівасцях ілюстрацый.
Першы раздзел — батанічны, поўны рысункаў раслін. Другі — астранамічна-астралагічны: там шмат малюнкаў планет, знакаў задыяку і інш.. Трэці — біялагічны — напоўнены выявамі аголеных жанчын і блытанінай дзіўных трубак. Потым ідзе касмалагічны раздзел са шматлікімі выявамі незраузмелых табліц. Апошні ж раздзел найбольш нагадвае папулярныя ў тагачаснай Еўропе зельнікі. Адна праблема — намаляваныя расліны не маюць вядомых навуцы аналагаў. Быццам яны выраслі на нейкай таямнічай далёкай планеце.
Рукапіс прывёз лекар Стэфана Баторыя?
Як высветлілі вучоныя метадам радыёвугляроднага аналізу, рукапіс Войніча быў складзены паміж 1404 і 1438 гг. Аднак гісторыя яго вядомая толькі з другой паловы XVI ст., калі рукапіс належаў германскаму імператару Рудольфу ІІ. Яга называлі “імператарам магаў”. Ён, цяжка хворы на сіфіліс, пераехаў з Вены ў Прагу і акружыў сябе алхімікамі, лекарамі, астраномамі, якія часцей за ўсё аказваліся шарлатанамі.
Магчыма, рукапіс прывёз Рудольфу ІІ англійскі алхімік Джон Дзі, які, дарэчы, спрабаваў лячыць і цяжка хворага Стэфана Баторыя. Кажуць, Джон Дзі ўмеў пераўтвараць медзь у золата са спецыяльнага парашку, здабытага з нейкай старадаўняй магілы. Але ні Баторыя, ні Рудольфа ІІ ён не вылечыў.
Адмысловая тарабаршчына ці сэнсоўны тэкст?
Манускрыпт Войніча спрабуюць расшыфраваць ужо сто гадоў. За гэты час на гэтую справу кідалі ўсе дасягненні навукі: і спецыялістаў па старажытных мовах, і дэшыфроўшчыкаў, і метады камп’ютарнага аналізу. Эфекту амаль ніякага. Два гады таму з’явілася інфармацыя, што быццам камп’ютар змог прачытаць адну (!) фразу, якая напісана на старагабрэйскай мове: “Яна накіравала параду святару, гаспадару, мне і людзям”.
Фрагменты "Манускрыпта Войніча"
Ці будзе нейкі працяг – ніхто не ведае. Шмат хто навогул думае, што рукапіс Войніча, гэта такая адмысловая прыгожая тарабаршчына, напісаная, каб дурыць галаву сярэднявечным уладарам. Аднак хочацца верыць, што тэкст такі ўдасца расшыфраваць. Магчыма, там будзе нават нешта пра Гродна і тады кола жыцця Міхаіла Войніча і ягонага рукапісу замкнуцца.
Hrodna 11:27