Беларускіх спартсменаў абавяжуць ведаць тэкст дзяржаўнага гімна
Веданне тэксту дзяржаўнага гімна прадугледжваюць папраўкі ў закон «Аб фізічнай культуры і спорце», паведамляе НАК.
Адзначаецца, што «новы закон распрацаваны з улікам практыкі прымянення дзеючага закона аб фізічнай культуры і спорце і ўлічвае асаблівасці і сучасны стан грамадскіх адносін у сферы фізічнай культуры і спорту, дынаміку іх развіцця».
Змяненнямі ў закон прадугледжваюцца «дадатковыя абавязкі спартсмена і трэнера», сярод якіх — «веданне тэксту дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь». Таксама цяпер будуць рэгламентавацца «пытанні выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Беларусі і сімвалаў іншых дзяржаў пры правядзенні спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў».
Скарэктаваны закон уступіць у сілу з 1 ліпеня 2023 года.
Нагадаем, што з мінулага года Нацынальным алімпійскім камітэтам кіруе Віктар Лукашэнка. Яго фактычнае прызначэнне (не лічыць жа гэта выбарамі) на пасаду замест бацькі, які ўзначальваў НАК з 1997 года, не прызнанае Міжнародным алімпійскім камітэтам. Таксама старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі.
Абавязак ведаць дзяржаўны гімн (перароблены з савецкага) сведчыць прынамсі пра дзве рэчы.
Першая — на тле татальнай міжнароднай ізаляцыі і правальных вынікаў у лукашэнкаўцаў няма іншага клопату, як абавязаць атлетаў вучыць тэкст «Мы, беларусы, мірныя людзі...».
Другая — праз дзясяткі гадоў, як Лукашэнка вярнуў савецкі гімн, улады канстатуюць татальнае няведанне яго грамадствам. Спартсменаў да гэтага будуць прымушаць. Пакуль ведаць тэкст, а далей — можа і спяваць прыйдзецца.