23 студзеня прыхільнікі Навальнага рыхтуюць мітынгі па ўсёй Расіі

Кіраўнік сеткі рэгіянальных штабоў апазіцыянера Аляксея Навальнага Леанід Волкаў абвясціў, што ў адказ на арышт палітыка штабы пачынаюць падрыхтоўку да мітынгаў ва ўсёй Расіі. Мітынгі запланаваны на 23 студзеня.

56255932_401.jpg

«Штабы Навальнага ва ўсёй краіне неадкладна пачынаюць падрыхтоўку да вялікіх мітынгаў ва ўсёй краіне 23 студзеня, не чакаючы новага суда. Аляксей Навальны павінен быць неадкладна вызвалены», — цытуе Волкава «Камерсант». Ён адзначыў, што цяпер знаходзіцца ў Берліне. «Прытрымліваючыся нашых прынцыпаў, я не магу нікога нікуды заклікаць, бо я не магу выйсці на вуліцу разам з іншымі. Але, здаецца, зараз такая сітуацыя, што і заклікаць не трэба», — напісаў ён.

Спадар Навальны ў сваім звароце, запісаным у аддзяленні паліцыі ў Хімках, заклікаў людзей не баяцца ўдзельнічаць у пратэстах. Паводле яго слоў, выхад людзей на вуліцу — «гэта тая рэч, палітычны фактар якой нельга ігнараваць. Ён самы галоўны, самы важны, гэта сутнасць палітыкі. Таму не бойцеся, выходзьце на вуліцы. Выходзьце за мяне, выходзьце за сябе і за сваю будучыню».

Аляксей Навальны быў затрыманы 17 студзеня па прыбыцці ў Расію. ФСВП заяўляла, што затрыманне спадара Навальнага звязана з пазовам аб замене раней прызначанага палітыку ўмоўнага тэрміну на рэальны па справе аб крадзяжах у кампаніі «Іў Рашэ». На наступны дзень суд, пасяджэнне якога прайшло ў аддзяленні паліцыі, арыштаваў спадара Навальнага на 30 сутак.