Агрэсію Расіі супраць Украіны даказалі праз Google Maps
Атлантычны савет апублікаваў даклад, у якім прыводзяцца неабвержныя доказы ўдзелу расійскай арміі ў канфлікце на ўсходзе Украіны. Яны заснаваныя на агульнадаступных дадзеных, такіх як картаграфічныя сэрвісы Google.
Расія адмаўляе прысутнасць сваіх войскаў у Данбасе і неаднаразова адхіляла ўсе прыведзеныя сведчанні свайго ўдзелу ў баявых дзеяннях. Расійскія афіцыйныя асобы кажуць, што на ўсходзе Украіны ваююць толькі расійскія добраахвотнікі, а шматлікія фота- і відэаматэрыялы, якія сведчаць аб адваротным — падробка.
У гэтым месяцы ўкраінскія ўлады захапілі ў палон расійскіх грамадзян Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, якія з тых часоў неаднаразова казалі, што яны дзеючыя вайскоўцы расійскай арміі, аднак у расійскім Мінабароны кажуць, што гэтыя людзі звольніліся.
Рабочая група Атлантычнага савета ўзялася даказаць прысутнасць расійскіх войскаў у зоне баявых дзеянняў пры дапамозе дадзеных з адкрытых крыніц, паведамляе руская служба BBC. У працоўную групу ўваходзілі некалькі экспертаў.
У новым дакладзе Атлантычнага савета «Хаваюцца без хованак: вайна Пуціна ва Украіне» ўказваецца, што многія буйныя наступленні ўзброеных прыхільнікаў самаабвешчаных ДНР і ЛНР запускаліся непасрэдна з расійскай тэрыторыі, на што паказваюць спадарожнікавыя здымкі, аналіз варанок ад абстрэлаў і дадзеныя з адкрытых крыніц.
На расійскіх тэрыторыях, якія прымыкаюць да мяжы, у апошнія месяцы вырасла цэлая сетка, «бачная кожнаму, у каго ёсць доступ да Google Earth або Google Maps», пішуць эксперты Атлантычнага савета.
Даследаванне задумана як спроба абвергнуць расійскую афіцыйную версію таго, што адбываецца і змяшчае шэраг рэкамендацый «заходнім урадам»: «накіраваць значна больш сіл і сродкаў разведкі на выкрыццё і супрацьдзеянне вайне Пуціна ва Украіне».
Сярод іншага, яны мяркуюць, што расійскай «гібрыднай вайне» трэба процідзейнічаць, «кажучы выразна, паслядоўна і публічна пра расійскую вайну ва Украіне».