Алімпіяда ў Рыа. Дзень пятнаццаты
Чарговы дзень Алімпіяды ў Рыа прынёс зборнай Беларусі адразу два бронзавыя медалі.

Дзве бронзы для
Беларусі за адзін дзень
Нашым дзяўчатам у чацвёрках-байдарках на дыстанцыі 500 м удалося прынесці краіне бронзавую ўзнагароду. П’едэстал у выніку не зведаў змен у параўнанні з гульнямі ў Лондане: Венгрыя была першай, немкі прыйшлі другімі, а беларускі – трэцімі. Імёны нашых прызёраў: Маргарыта Махнева, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка і Марына Літвінчук.

Натуралізаваны ўсяго паўтары гады таму дагестанец па нараджэнні Ібрагім Саідаў прынёс Беларусі яшчэ адзін бронзавы медаль. У спаборніцтвах па вольнай барацьбе ён перамог прадстаўніка Арменіі Левана Берыанідзэ.

Варта адзначыць, што Саідаў раней выступаў за зборную Расіі, але быў злоўлены ў 2012 годзе на ўжыванні допінгу. Пасля сваёй перамогі над армянінам ён палез абдымацца з расійскімі трэнерамі і фанатамі.
Маргарыта Мамун заваявала ў індывідуальным шматбор’і па мастацкай гімнастыцы залаты медаль для Расіі. Прадстаўніцы Беларусі Міліціна Станюта і Кацярына Галкіна занялі толькі 5-е і 6-е месцы.

Бясспрэчная перамога
Прадстаўніца Паўднёвай Афрыкі Кастэр Семеня была самай хуткай сярод жанчын на дыстанцыі 800 м.

Паўднёваафрыканская спартсменка некалькі год таму была вымушаная прайсці прыніжальную працэдуру высвятлення палавой прыналежнасці праз сцверджанні некаторых у тым, што яна з’яўляецца гермафрадытам. Міжнародная асацыяцыя легкаатлетычных федэрацый пацвердзіла, што Семеня з’яўляецца жанчынай, аднак пакутвае на гіперандрагенізм.
Беларуска Марына Арзамасава трымалася ў тройцы лідэраў на працягу ўсяго забегу, але здала літаральна на апошніх 150 метрах. У выніку яна перасекла фінішную лінію толькі сёмай.
Першае золата Бразілі ў футболе
Мужчынскай зборнай Бразіліі па футболе ўдалося не без праблем перамагчы зорную Германіі ў фінале з лікам 5:4. Асноўны час матча скончыўся з лікам 1:1. Паколькі дадатковы час не вызначыў мацнейшага, давялося прабіваць пенальці. Для зборнай Бразіліі матч быў надзвычай важным, паколькі гуляць даводзілася перад 70 тыс. гледачамі на стадыёне ў Маракане, якія чакалі перамогі над немцамі, што два гады таму разграмілі іх у чвэрцьфінале ЧС па футболе з лікам 7:1.

Бронза дасталася зборнай Нігерыі, што ўпэўнена перамагла Гандурас з лікам 3:0.
Таксама на Алімпіядзе:
- Зборная ЗША засталася непераможнай у мужчынскай і жаночай эстафетах 4х400 м.

- Мэт Цэнтровіц заваяваў свій першы залаты алімпійскі медаль на дыстанцыі 1500 м сярод мужчын. Для ЗША гэта першая перамога з часоў вікторыі Мэла Шэпарда ў 1908 годзе на той жа дыстанцыі.
- Вялікабрытанец Мо Фарах выйграў залаты медаль у фінале 5000 м сярод мужчын.

- Прадстаўніца Паўднёвай Карэі Інбі Парк заваявала першае золата ў жаночых спаборніцтвах па гольфе, якія не праводзіліся на Алімпіядзе з 1900 года.

- Прадстаўнік Кітая Чэнь Лун заваяваў залаты медаль у адзіночных спаборніцтвах сярод мужчын у бадмінтоне. У фінале ён перамог прадстаўніка Малайзіі Лі Чонг Вэя.

- Ян Вандрэй і Себасцьян Брендэл выйгралі для Германіі чарговае золата. Спарстменам не было роўных у байдарцы-двойцы на дыстанцыі 1000 м сярод мужчын.

- Баскетбалісткі ЗША заваявалі сваё шостае золата ў фінале спаборніцтваў, дзе яны перамаглі Іспанію з лікам 101:72. Такім чынам амерыканкі застаюцца непераможнымі ў гэтым відзе спорта з Алімпіяды ў Атланта ў 1996 г. Апошнюю паразу ім нанесла аб’яднаная зборная краін СНД ў 1992 г. у Барселоне. Матч за бронзу выйграла зборная Сербіі, якая была мацнейшая за Францыю.

Апошняя надзея на медалі
Сёння ў мастацкай гімнастыцы пройдзе фінал у групавых спаборніцтвах. Нашы надзеі звязаныя з выступам Ганны Дудзянковай, Марыі Кадобінай, Валерыі Пішчэлінай, Арыны Цыцылінай і Марыі Кацяк. У кваліфікацыі яны занялі трэцяе месца ўслед за іспанкамі і расіянкамі. Пачатак спаборніцтваў – у 17:00.
