Кіраўнік дэлегацыі ў Рыа: Галоўнае расчараванне Алімпіяды — велагоншчык Кірыенка

Галоўным расчараваннем Алімпіяды для кіраўніка беларускай дэлегацыі ў Рыа Максіма Рыжанкова стаў велагоншчык Васіль Кірыенка. Пра гэта Рыжанкоў паведаміў журналістам, падводзячы вынікі Алімпіяды.

Фота: velolive.com

Фота: velolive.com


"Пры ўсіх яго тытулах выйсці і сказаць: маўляў, мой канкурэнт зняўся за два этапы да канца "Тур дэ Франс", таму што рыхтаваўся да Алімпіяды, а я не зняўся... І калі, маўляў, мяне нагналі, то знікла матывацыя... Мы чакалі ад яго значна большага", — перадае "Прессбол" словы кіраўніка беларускай дэлегацыі.
Як паведамлялася раней, раварыст Васіль Кірыенка ў велагонцы з раздзельным стартам заняў толькі 17-е месца.
Таксама Рыжанкоў расчараваны выступамі лёгкаатлетаў: "Ніхто не казаў, што ўсім 36 спартсменам трэба заваяваць медалі. Але хаця б выкладзіцеся на сто адсоткаў! Аднак яны не паказалі нават тых вынікаў, з якімі адабраліся на Алімпіяду. Не кажучы ўжо пра асабістыя рэкорды або лепшыя паказчыкі ў сезоне. Верылі і ў стралкоў. Яны маглі выступіць больш упэўнена. Заўсёды былі побач, стралялі ўдала, але на апошніх стадыях ламаліся".
У цэлым жа ён лічыць выступ беларускай зборнай годным. Нагадаем, беларускія спартоўцы на Гульнях у Рыа-дэ-Жанейра заваявалі 9 медалёў — гэта найменшая колькасць за ўсе Алімпіяды.
"Еўрарадыё"