Беларусь і Расія выслалі ўцекача, якога ў Тога чакае смяротнае пакаранне
Міністэрства ўнутраных спраў Расіі паведаміла пра рашэнне аб высылцы на радзіму грамадзяніна Тога Базабеіда Батома праз адсутнасць судовых рашэнняў, якія абмяжоўвалі б дэпартацыю, піша «Свабода».
Паводле расійскіх праваахоўнікаў, Базабеіда Батома незаконна знаходзіўся на тэрыторыі Расіі са снежня 2014 года, у Бранск трапіў 20 чэрвеня з Беларусі — яго перадалі ў парадку рэадмісіі, бо незаконным было і яго знаходжанне ў Беларусі, дзе ён таксама прасіў прытулку і атрымаў адмову.
Сцвярджаецца, што з часу перадачы Батома не напісаў заявы аб наданні прытулку, хоць яму далі перакладчыка і растлумачылі парадак надавання часовага прытулку. Чаму так, праваахоўнікі не кажуць.
Як расказвае расійская «Новая газета», на радзіме Батому чакае смяротнае пакаранне. Сцвярджаецца, што Батома быў гвардзейцам і ўдзельнічаў у разгоне антыўрадавых мітынгаў, вызваліў двух пратэстоўцаў, асуджаных на смерць, а пасля адмовы выканаць загад аб ліквідацыі лідара мясцовай апазіцыі яго пачалі пераследаваць. За ўхіленне ад выканання загаду Батому пасадзілі ў турму і катавалі.
У 2014 годзе яму ўдалося ўцячы з турмы, трапіць у суседнюю Гану, адтуль у Маскву. Калі Батома апынуўся ў Расіі, ён спрабаваў атрымаць статус уцекача, але расійскія ўлады яму адмовілі некалькі разоў. У 2018 годзе Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў пастанавіла, што Батома мае патрэбу ў абароне.