Ціханоўская адкрыла Народныя амбасады беларусаў у 20 краінах

Беларуская дыяспара запусціла ініцыятыву "Народныя амбасады". Цырымонія іх адкрыцця прайшла 10 снежня ў рэжыме анлайн з удзелам лідараў апазіцыі і дэпутатаў Еўрапарламента.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

"Народныя амбасады" — гэта ініцыятыва па стварэнні альтэрнатыўных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой. Яна была агучана на Сусветным кангрэсе беларусаў, які прайшоў 31 кастрычніка — 1 лістапада. Праект падтрымалі беларускія суполкі ў 20 краінах, якія лічаць, што цяперашняя ўлада страціла легітымнасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У чацвер, 10 снежня, прайшла цырымонія іх адкрыцця ў рэжыме анлайн. У ёй бралі ўдзел лідары беларускай апазіцыі і дэпутаты Еўрапарламента.

Чым будуць займацца Народныя амбасады

Асноўныя функцыі Народных амбасадаў — абарона правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян за мяжой, а таксама прадстаўленне інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі. Пры гэтым Народныя амбасады не збіраюцца ў поўнай меры выконваць задачы, якія стаяць перад прафесійнымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Беларусі за мяжой.
"Народныя амбасады будуць займацца камунікацыяй, арганізоўваць сустрэчы з прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый, узаемадзейнічаць з іншымі арганізацыямі беларускай дыяспары, — заявіў ментар праекта, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка. — Таксама для нас важна дэманстраваць рэжыму, што беларусы хочуць мець сваіх легітымных прадстаўнікоў за мяжой".
Народная амбасада ўжо існуе ў Берліне. Драўляны вагончык з бел-чырвона-белым сцягам размясціўся насупраць афіцыйнага дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі. Дзякуючы Народнай амбасадзе актывісты ўжо некалькі месяцаў праводзяць у Германіі акцыі салідарнасці з пратэстуючымі ў Беларусі.

Ціханоўская падтрымала стварэнне Народных амбасадаў

Стварэнне Народных амбасадаў падтрымала экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна звярнулася да ўдзельнікаў па-беларуску і заклікала іх працягнуць інфармаванне сусветнай супольнасці пра сітуацыю ў Беларусі, выкарыстоўваць усе кантакты і сувязі для таго, каб гэта не сыходзіла з міжнароднага парадку.
Удзел у адкрыцці амбасадаў прынялі дэпутаты Еўрапейскага парламента. Па словах яго віцэ-прэзідэнта Ніколы Бер (Nicola Beer), Еўрасаюз парой нерашуча дзейнічае ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку шмат часу займае прасоўванне і прыняцце персанальных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
dw.com