Святлана Ціханоўская: беларусы ўжо ніколі не палюбяць дзяржаву ў яе цяперашнім абліччы, таму што нельга прымусіць любіць
Традыцыйны суботні зварот палітыка да беларусаў.
— Толькі ў кіно і кнігах у складанай сітуацыі нязменна з'яўляецца герой, які ў адзіночку вырашае ўсе праблемы, — цытуе Святлану Ціханоўскую яе прэс-служба. — Зараз у Беларусі такі герой — кожны з нас. Мы разам змагаемся за справядлівасць, не баімся пагроз і не маўчым, калі прыходзіць час гаварыць. Кожны выходзіць у ланцугі салідарнасці, падтрымлівае завадчан, медыкаў і студэнтаў, аб'ядноўваецца з суседзямі і гуляе па нядзелях.
Раз за разам дзяржава абяцае «навесці парадак», маючы на ўвазе яшчэ больш гвалту. І раз за разам беларусы перамагаюць страх. Гэтая нядзеля стане ўжо 18-й запар, калі людзі прадэманструюць, што гатовыя і далей адстойваць свае правы.
Беларусы ўжо ніколі не палюбяць дзяржаву ў яе цяперашнім абліччы, таму што нельга прымусіць любіць. Таму дзяржава займаецца імітацыяй гэтай любові і парадку, саджаючы людзей за сцягі на балконе і кідаючы цэлую армію сілавікоў на вуліцы Мінска ў нядзелю. Імітацыя парадку патрэбная Лукашэнку для таго, каб ён мог дэманстраваць сваім чыноўнікам кантроль над сітуацыяй. Таму кожны сцяг, кожны марш, кожная акцыя непадпарадкавання становяцца яго асабістым правалам.
Я падтрымліваю ўсіх беларусаў, якія заўтра выйдуць у двары і прагуляюцца па сваім раёне. Кожны такі марш набліжае дзень, калі ў Беларусь вернецца закон.