Да Расіі не даехала 3,5 тоны какаіну на паўмільярда еўра
Супрацоўнікі следчага аддзела Падаткова-мытнага дэпартамента (НТД) Эстоніі ў супрацоўніцтве з галандскай паліцыяй, фінскай мытняй і Еўраполам выявілі ў порце Мууга 3,5 тоны наркатычнага рэчыва.
У ходзе праверкі рэфрыжаратарных кантэйнераў, у якіх па дакументах перавозілі бананы з Эквадора, эстонскія ўлады выявілі 72 чорных мяшка. А ў іх былі знойдзеныя больш за тры тысячы ўпакаваных у плёнку і залепленых клейкай стужкай пачкаў з цвёрдым парашком белага колеру, паведаміла ў панядзелак прэс-служба Дзяржаўнай пракуратуры Эстоніі.
Экспрэс-тэст белага парашка даў станоўчую рэакцыю на какаін. Гэта адна з самых вялікіх партый какаіну, канфіскаваных у рэгіёнах краін Балтыі і краін Паўночнай Еўропы. Яго раздробны кошт быў бы каля паўмільярда еўра.
Па словах кіраўніка службы па барацьбе з нарказлачынствамі следчага аддзела НДТ Рауля Капельмаа, такая вялікая колькасць не прызначалася для эстонскага рынку. Кантрабанду 21 сакавіка выявілі на судне MILAN EXPRESS пасля атрымання адпаведных сігналаў ад фінскай мытні і галандскай паліцыі.
5 сакавіка згаданае судна выйшла з Ратэрдама. Груз карабля складалі кантэйнеры, краінай прызначэння большай часткі якіх была Расійская Федэрацыя.
Нагадаем, у снежні 2016 года буйная партыя наркотыкаў (389 кілаграмаў) была выяўленая ў будынку школы пры амбасадзе РФ у Буэнас-Айрэсе. Какаін, які меў высокую якасць і, меркавана, паходзіў з Калумбіі, быў расфасаваны ў 360 пакетаў, якія, у сваю чаргу, знаходзіліся ў 12 куфарах, аформленых менавіта як дыпламатычны багаж.
У выніку праведзенай спецаперацыі аргенцінскімі спецслужбамі, уся партыя какаіну была замененая на муляж. Усю партыю какаіну забраў і даставіў у Расію самалёт Іл-96-300 спецыяльнага лётнага атраду «Расія», які перавозіць вышэйшых асобаў дзяржавы, сярод якіх, напрыклад, сакратар Рады бяспекі РФ Мікалай Патрушаў і міністр МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
У гэтай справе быў і пэўны «беларускі след».