Францыя. Ці дапамог Феран Макрону?

Рышар Феран — кіраўнік выбарчага штаба Эмануэля Макрона — можа змен­шыць шансы сваіх саратнікаў на парламенцкіх выбарах, першы тур якіх адбываецца 11 чэрвеня.

Рышар Феран

Рышар Феран

Напярэдадні прэзідэнцкі рух «Наперад!» лідзіраваў з 30 працэнтамі галасоў, разлічваючы ў выніку на 335–355 з 570 месцаў у Нацыянальным сходзе.

 
Перамогу руху тлумачаць перш за ўсё тым, што рэспубліканцы і сацыялісты — галоўныя апаненты макраністаў, — перажываюць раскол, і да таго ж не ведаюць, як рэагаваць на феномен Макрона.


І тут стала вядома, што будучы кіраўніком страхавой кампаніі, Феран аформіў з рыэлтарскай фірмай сваёй грамадзянскай жонкі дарагі кантракт аб арэндзе.


Самае кур'ёзнае, што скандал вакол аферы Ферана выбухнуў сінхронна таму, як новы міністр юстыцыі Франсуа Байру з вялікай помпай прадставіў у парламенце законапраект аб увядзенні маральных стандартаў, якіх надалей павінны будуць прытрымлівацца дэпутаты і чыноўнікі.

Зрэшты, на фоне скандалу вакол жонкі лідара рэспубліканцаў Франсуа Фіёна, выхадка Ферана выглядае не такой адыёзнай.

Больш таго, магчыма, Феран дапамог Макрону. Скандал адцягвае ўвагу грамадства ад сакрэтнага прэзідэнцкага плана радыкальнай працоўнай рэформы, які 7 чэрвеня апублікавала газета «Liberation». Высвятляецца, што Макрон плануе зрабіць яшчэ больш ліберальным закон аб працы, які вясной-летам 2016 года выклікаў у краіне серыю масавых пратэстаў.