Гадавіна рэферэндуму ў Каталоніі. Пратэстоўцы перакрылі чыгунку
Прыхільнікі незалежнасці Каталоніі перакрылі чыгуначныя шляхі ў Жыроне на поўначы аўтаномнай вобласці ў рамках акцыі пратэсту, прысвечанай гадавіне правядзення рэферэндуму аб незалежнасці.

Фота REUTERS
Сотні пратэстоўцаў селі на рэйкі і заблакавалі рух хуткасных цягнікоў з Барселоны ў Парыж, а таксама перакрылі аўтамагістраль AP-7, якая праходзіць уздоўж узбярэжжа Міжземнага мора.
Акрамя таго, удзельнікі пратэсту перакрылі вуліцы, якія вядуць у цэнтральную частку Барселоны. На плошчы Каталоніі ў цэнтры горада праходзіць мітынг.
У іншых частках аўтаномнай вобласці таксама праходзяць акцыі пратэсту.
Крызіс у краіне пачаўся з моманту правядзення забароненага цэнтральнымі ўладамі і прызнанага незаконным Канстытуцыйным судом рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі 1 кастрычніка 2017 года.
90% каталонцаў — з тых 43% насельніцтва правінцыі, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, — прагаласавалі за незалежнасць ад Іспаніі. Большасць праціўнікаў аддзялення байкатавалі галасаванне.

Фота REUTERS
Тагачасны кіраўнік урада Каталоніі Карлес Пучдэмон і іншыя каталонскія лідары падпісалі дэкларацыю аб незалежнасці, але адразу ж прыпынілі яе дзеянне з тым, каб пачаць перамовы з цэнтральнымі ўладамі.
Пераважная большасць краін не прызналі незалежнасць Каталоніі.
Паводле ВВС