Італія пачне выдаваць еўрапейскія кавід-сертыфікаты тым, хто прышчапіўся вакцынамі, не ўхваленымі ЕС
Улады Італіі будуць выдаваць кавід-сертыфікаты еўрапейскага ўзору людзям, якія прышчапіліся вакцынамі, не ўхваленымі ў Еўрасаюзе, калі яны атрымалі бустэрную дозу прэпаратаў «Pfizer» або «Moderna».

Для атрымання сертыфіката бустэрны ўкол трэба будзе зрабіць не раней, чым праз 28 дзён, і не пазней, чым праз паўгода пасля завяршэння першапачатковага курсу вакцынацыі.
Сістэма еўрапейскіх лічбавых сертыфікатаў дзейнічае ў ЕС з пачатку лета. Уладальнік сертыфіката, выдадзенага ў любой краіне супольнасці, можа без абмежаванняў падарожнічаць па Еўрасаюзе і атрымліваць паслугі, даступныя толькі вакцынаваным.
Расійская вакцына «Спутнік V» пакуль не прызнаная ў Еўрасаюзе. Працэс яе ўхвалення ідзе з вясны і, як чакаецца, не завершыцца раней за пачатак 2022 года.
Паводле meduza.io