Ізраіль і ХАМАС абвінавацілі адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню

Армія абароны Ізраіля паведаміла, што некалькі вайскоўцаў атрымалі лёгкія раненні ў выніку абстрэлу з боку баевікоў ХАМАС на поўначы сектара Газа. Пра гэта гаворыцца ў заяве ЦАХАЛ.

Ізраільскі танк непадалёк ад Газы, 20 кастрычніка 2023 года. Ілюстрацыйнае фота AP, Ohead Zwigenberg

Ізраільскі танк непадалёк ад Газы, 20 кастрычніка 2023 года. Ілюстрацыйнае фота AP, Ohead Zwigenberg

У ЦАХАЛ сцвярджаюць, што на працягу адной гадзіны днём 28 лістапада побач з ізраільскімі вайскоўцамі ў двух розных месцах на поўначы сектара Газа ўзарваліся тры выбуховыя прылады. 

«За апошнюю гадзіну тры выбуховыя прылады былі прыведзены ў дзеянне побач з войскамі ЦАХАЛ у двух розных месцах на поўначы сектара Газа, парушаючы рамкі аператыўнай паўзы. Падчас інцыдэнтаў некалькі вайскоўцаў атрымалі лёгкія раненні. У абодвух інцыдэнтах войскі знаходзіліся на пазіцыях у рамках аператыўнай паўзы»,цытуе заяву ізраільскіх вайскоўцаў« The Guardian».

Паводле даных ізраільскай арміі, у адным з пунктаў палесцінскія баевікі распачалі страляніну па вайскоўцах, у адказ на якую салдаты таксама адкрылі агонь.

«У абодвух выпадках сілы арміі абароны Ізраіля знаходзіліся ў межах узгодненых ліній спынення агню», — гаворыцца ў паведамленні.

У сваю чаргу, тэрарыстычная групоўка ХАМАС абвінаваціла Ізраіль у «непрыхаваным парушэнні» рэжыму спынення агню ў Газе. У ХАМАС сцвярджаюць, што дзеянні Ізраіля прывялі да мер у адказ з боку баевікоў. Прэс-сакратар ваеннага крыла ХАМАС заявіў, што яго байцы адрэагавалі на «відавочнае парушэнне» рэжыму спынення агню з боку ЦАХАЛа на поўначы сектара Газа, што прывяло да сутыкнення. Падрабязнасцей прадстаўнікі групоўкі не паведамілі.

У ХАМАС дадалі, што «адданы перамір'ю» да таго часу, пакуль яго выконвае Ізраіль.

«Расійская служба ВВС» адзначае, што гэта першае прыкметнае парушэнне перамір'я за пяць дзён з яго пачатку.

Глядзіце таксама

Нагадаем, рэжым спынення агню ў Газе пачаў дзейнічаць раніцай 24 лістапада — згодна з першапачатковымі дамоўленасцямі ён быў чатырохдзённым. Паводле гэтага пагаднення ХАМАС павінен быў адпусціць 50 закладнікаў, а Ізраіль абавязаўся выпусціць 150 палесцінцаў, якія знаходзяцца ў турмах. 

27 лістапада бакі абвясцілі, што дамовіліся наконт падаўжэння перамір'я яшчэ на два дні. За гэты час ХАМАС павінен адпусціць яшчэ 20 жанчын і дзяцей з ліку закладнікаў.


Глядзіце таксама

Паводле www.theguardian.commeduza.ioВВС