Кадыраў: Чачня перавыканала план мабілізацыі на 1500 працэнтаў!
Кадыраў заявіў пра перавыкананне плана мабілізацыі ў 15 разоў і ўхваліў «знішчэнне» тых, хто спальвае Каран. І напрарочыў, што вайна Расіі з Украінай скончыцца летам наступнага года перамогай Расіі, бо ў Кіева «вычарпаныя ўсе магчымасці».
![ramzan_kaduyrau.avif ramzan_kaduyrau.avif](/img/v1/images/ramzan_kaduyrau.avif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кіраўнік Чачні правёў «прамую лінію», запіс эфіру ўчора, 13 снежня, быў апублікаваны ў яго акаўнце ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
Наконт збіцця яго сынам Адамам падазраванага ў спальванні Карана Мікіты Жураўля, якое засталося беспакараным, Рамзан Кадыраў сказаў: «За што караць? За што збіў? Было б добра, калі ён забіў яго».
Таксама Кадыраў, каментуючы вайну ва Украіне, заявіў аб выкананні плана мабілізацыі ў Чачні на 1500%.
Кадыраў растлумачыў, што «першапачаткова думаў», што Адама пакараюць, і «мучыў яго», казаў, што яму могуць даць «восем гадоў, ці сем, ці шэсць, ты будзеш сядзець у турме».
Са слоў Кадырава, сын адказваў яму, што «будзе лічыць гэта за гонар». Але калі, працягнуў Кадыраў, «суд не прыняў такое рашэнне» (аб пакаранні Адама), то «мы не павінны самі бегаць» за пакараннем.
Рамзан Кадыраў дадаў, што сам адчувае жаданне «знішчаць» тых, хто спальваў Каран, таму што «турма, тэрмін – гэта для іх не пакаранне».
На думку Кадырава, яго сын «праявіў гераізм», за што і атрымаў шматлікія ўзнагароды.
Глядзіце таксама
![Навумчык: Трэцяй чачэнскай вайне быць? Навумчык: Праблема адносін Масквы і Чачні набыла выбуховы патэнцыял](/img/v1/images/scale_1200_74.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Кіраўнік Чачні, калі адказваў на пытанне аб неаднаразовых заявах Жураўля аб раскаянні і жаданні прыняць іслам, заявіў, што «не бачыў шчырасці ў яго вачах», але заўважыў, што «калі ён шчыра прыме іслам, то мы гэта вітаем».
Таксама Кадыраў пракаментаваў вайну ва Украіне. На ягоную думку, яна скончыцца летам наступнага года перамогай Расіі, бо ў Кіева «вычарпаныя ўсе магчымасці».
«Калі б я прымаў пастановы, якія павінен прымаць вярхоўны галоўнакамандуючы, можна было б скончыць за тры месяцы, — заявіў кіраўнік Чачні. — Мы былі за сем кіламетраў ад Кіева і ўзяць яго было лягчэй, чым нават Марыупаль». Кадыраў сцвярджае, што працягласць вайны нібыта тлумачыцца задачай «максімальна не разбураць гарады».
Кіраўнік Чачні заявіў, што яго рэспубліка выканала план мабілізацыі «на 1500 працэнтаў». «Калі іншыя рэгіёны да гэтага часу павінны дабіраць добраахвотнікаў, мы гэта зрабілі. Гэтыя батальёны, палкі не пад маім падначаленнем, яны знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінабароны, Расгвардыі», — растлумачыў ён.
Глядзіце таксама
![Гуманнасць па-чачэнску: 15-гадовы сын Кадырава збіў вязня, але «пакінуў у жывых» Гуманнасць па-чачэнску: 15-гадовы сын Кадырава збіў вязня, але «пакінуў у жывых»](/img/v1/images/63ec9df_kadyrov_adam_ramzan_14__kp_.avif?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, падазраванага ў спаленні Карана 19-гадовага жыхара Валгаграда, ураджэнца Украіны Мікіту Жураўля затрымалі 21 траўня — і даслалі ў Чачню. У жніўні ў СІЗА Грознага Жураўля збіў на той момант 15-гадовы сын кіраўніка Чачні Адам Кадыраў. Відэазапіс тады апублікаваў Рамзан Кадыраў — і заявіў, што ганарыцца ўчынкам сына.
Паліцыя Рэспублікі Чачня вынесла адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця Жураўля, таму што ў Адама яшчэ не наступіў ўзрост прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Раней Рамзан Кадыраў апублікаваў відэа сваёй сустрэчы з Жураўлем з абразамі на адрас апошняга, запісанае, відавочна, там жа і тады ж, дзе адбылося збіццё.
Пасля збіцця малодшы Кадыраў атрымаў сем узнагарод. На судзе Журавель папрасіў прабачэння ў мусульман.
Глядзіце таксама
![Кадыраў заклікаў нішчыць ўкраінскія гарады Кадыраў заклікаў «сціраць з зямлі» ўкраінскія гарады](/img/v1/images/_123754909_photo_2022_03_02_09_04_4933333.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
З пачатку вайны супраць Украіны праваабаронцы і незалежныя СМІ не раз распавядалі, што ўдзельнікамі ўварвання становяцца выкрадзеныя сілавікамі жыхары Чачні. Некаторым з іх прапаноўвалі альбо адправіцца на вайну, альбо падвергнуцца катаванням і атрымаць тэрмін па сфабрыкаванай справе. Салдатамі ў Чачні прымусова становяцца таксама, напрыклад, сваякі чачэнскіх апазіцыянераў.
Чыноўнікі, імамы і камандзіры ў Чачні маюць абавязацельства па колькасці завербаваных на вайну супраць Украіны людзей – дзеля выканання гэтага «нарматыву» мясцовых жыхароў незаконна ўтрымліваюць у сакрэтных турмах і пагражаюць расправай над сваякамі ў выпадку адмовы.
Глядзіце таксама
![Расія і культура нянавісці Расія і культура нянавісці](/img/v1/images/pucin_i_karta.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Адразу пасля абвяшчэння прэзідэнтам Пуціным мабілізацыі Кадыраў заявіў, што ў Чачні яна праводзіцца не будзе.
Пазней яго прэс-сакратар растлумачыў, што «на самай справе» кіраўнік Чачні меў на ўвазе, што «няма неабходнасці мабілізоўваць дадатковую колькасць грамадзян», таму што «яшчэ да ўсяго гэтага працэсу ў рэспубліцы мабілізавалася дастатковая колькасць байцоў».
Праваабаронца Абубакар Янгулбаеўраспавёў сайту Каўказ.Рэаліі, што масавай планавай мабілізацыі ў Чачні сапраўды не праводзілася, а абавязацельствы па адпраўцы людзей на вайну Кадыраў выконвае за кошт так званых добраахвотнікаў, якіх вярбуе праз Чачню з розных рэгіёнаў краіны.
Паводле www.kavkazr.com