Навумчык: Праблема адносін Масквы і Чачні набыла выбуховы патэнцыял

Журналіст і палітык Сяргей Навумчык у сваім тэлеграме разважае, што неўзабаве можа здарыцца Трэцяя чачэнская вайна. 

Фота з сайта kurer-sreda.ru

Фота з сайта kurer-sreda.ru

«Уважліва пачытаў рэакцыю ў прапуцінскіх ТГ-каналах на збіццё сынам Кадырава рускага хлопца за спалены Каран. І не толькі самі публікацыі, а і каментары карыстальнікаў, — піша Сяргей Навумчык. — Практычна ўсе яны – Z-патрыёты, прыхільнікі Пуціна, ворагі Украіны. Словам, публіка яшчэ тая, 

З сотняў каментароў толькі тры ці чатыры аўтара апраўдваюць Кадырава-малодшага, астатнія – абураюцца. Але ўразіла мяне не гэта.

Шмат хто піша: «Третьей чеченской – быть!» (маецца на ўвазе вайна з Чачнёй) і сцвярджае, што ваяваць з чачэнцамі пойдзе куды болей добраахвотнікаў, чым на вайну з Украінай.

Гэта сведчыць пра настроі ў расійскім грамадстве, прычым найбольш агрэсіўнай яго часткі, і пра існаванне праблемы (адносіны Масквы і Чачні), якая была  прыцішана, але не толькі не ліквідавана, але і набыла выбуховы (і ў пераносным, і ў самым што не ёсць прамым сэнсе) патэнцыял».

Глядзіце таксама

Нагадаем, як пісаў НЧ, больш за месяц таму стала вядома, што 15-гадовы сын Кадырава збіў 19-гадовага арыштаванага за спалены Каран Мікіту Жураўля. Гэта здарылася, калі Адам Кадыраў разам з бацькам наведваў затрыманага ў ізалятары. 

Днямі Кадыраў апублікаваў жорстае відэа, на якім яго сын збівае Мікіту Жураўля ў кабінеце ў СІЗА ў Грозным. 

Мікіта Журавель быў арыштаваны ў канцы траўня 2023 года  і адпраўлены ў Чачню па распараджэнні кіраўніка СКР Аляксандра Бастрыкіна. Супраць 19-гадовага хлопца завялі крымінальную справу з-за спалення Карана. Паводле версіі следства, на допыце Журавель даў паказанні, што спаліў Каран нібыта па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў за ўзнагароджанне ў 10 тысяч рублёў.

Чачэнскі лідар заявіў, што «без перабольшання» ганарыцца сваім сынам. Дзеянні Адама Кадырава падтрымалі паплечнікі ягонага бацькі і асудзілі праваабаронцы, пры гэтым афіцыйныя асобы ў Расіі гэта практычна не каментавалі. Так, напрыклад, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў: “Адразу абмоўлюся, што гісторыю з сынам Кадырава каментаваць не буду. Не хачу”.