«Калі ён не сыдзе, мы яго вымецем»

Актывісты Еўрамайдану прынялі рэзалюцыю з патрабаваннем адправіць у адстаўку прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Адпаведную рэзалюцыю зачытала са сцэны на Майдане Незалежнасці спявачка Руслана Лыжычко.



euromaidan1.jpg

Поўны тэкст прыводзім ніжэй.
«Мы, грамадзяне Украіны, якія аб'ядналіся ў падтрымку ідэі еўраінтэграцыі, сёння заяўляем: мы працягваем барацьбу за еўрапейскую Украіну і будзем актыўна дзейнічаць, каб наша галоўнае патрабаванне — падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з ЕС — было выкананае.
Мы канстатуем, што Віктар Януковіч, да якога з еўрамайданаў Украіны і свету звярталіся сотні тысяч людзей, праігнараваў нашу волю, сарваўшы падпісанне пагаднення з ЕС. Замест таго, каб весці краіну ў еўрапейскую будучыню, як таго хочуць мільёны ўкраінцаў, ён паварочвае краіну ў мінулае.

Нягледзячы на правал Януковіча, мы, грамадзяне, якія сабраліся на Еўрамайдане, паказалі яму і ўсяму свету: мы здольныя перамагчы расчараванне і апатыю, умеем самаарганізавацца, праводзіць мірныя акцыі, аб'ядноўвацца і дзейнічаць дзеля выканання агульных патрабаванняў.


Мы ёсць. І мы — сапраўдныя Еўрапейцы.
Мы сіла, якая прымусіць з сабой лічыцца ўсіх. Еўрамайдан — гэта наш першы крок, і цяпер задача па рэалізацыі еўрапейскіх прынцыпаў ва Украіне становіцца яшчэ больш складанай.
Мы прапануем:
1 . Сфармаваць каардынацыйны савет Еўрамайдану з ліку вядомых экспертаў, грамадскіх актывістаў, студэнцкіх арганізацый і прадстаўнікоў парламенцкіх апазіцыйных партый, каб забяспечыць дыялог паміж украінскай грамадзянскай супольнасцю і еўрапейскай супольнасцю.

2. Канстатаваць, што прэзідэнт, Вярхоўная Рада і Кабінет міністраў аказаліся не здольнымі забяспечыць рэалізацыю стратэгічнага геапалітычнага курсу развіцця дзяржавы. Мы патрабуем адстаўкі прэзідэнта Віктара Януковіча.


Мы патрабуем спыніць практыку палітычных рэпрэсій супраць актывістаў Еўрамайдану, студэнтаў, грамадскіх актывістаў, апазіцыйных лідэраў.
Мы дзякуем кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў краін - членаў ЕС за ўсе намаганні, якія яны прыклалі для рэалізацыі нашых еўрапейскіх памкненняў. І апладыруем тым людзям, намаганнямі якіх 8 дзён у Кіеве і іншых гарадах краіны жылі Еўрамайданы, якія сталі унікальнымі пляцоўкамі для волевыяўлення ўкраінскіх еўрапейцаў.
1 снежня ў гадавіну Рэферэндуму аб незалежнасці Украіны, а 12:00 мы прыйдзем на Майдан, мы правядзем народнае веча і сумесна вызначым свае далейшыя дзеянні.

Гэта — пачатак ачысткі ўкраінскай улады. Мы прыйдзем з венікамі на веча і гэтым пакажам Януковічу, што калі ён не сыдзе, то мы яго вымецем».


Як вядома, 29 лістапада ў Вільні адбылася цырымонія падпісання пагадненняў паміж ЕС і краінамі Усходняга партнёрства, аднак з Украінай ніякіх пагадненняў падпісана не было.
pravda.com.ua