Крэмль шукае жанчыну для Пуціна

Крэмль разглядае магчымасць вылучэння на выбарах у 2018 годзе жанчыны, якая б склала канкурэнцыю галоўнаму кандыдату на гэтую пасаду.

Пуцін на выставе ў Гановеры. 2013 г. Фота the-deep.tk

Пуцін на выставе ў Гановеры. 2013 г. Фота the-deep.tk


Пра гэта піша расійскае выданне «Ведамасці» і спасылаецца на ўласныя крыніцы з атачэння кіраўніка Расіі.

Паводле суразмоўцаў выдання разглядаецца 5–7 кандыдатураў. Сярод іх, распавялі крыніцы, тры прадстаўніцы «Справядлівай Расіі» — старшыня Сацыял-дэмакратычнага саюза жанчын Расіі Наталля Вялікая, лідар Нацыянальнага бацькоўскага камітэту Ірына Валынец і чалец Цэнтральнага савету Партыі Ірына Пецеляева.

Суразмоўцы выдання адзначаюць, што жанчыны ўжо двойчы былі кандыдатамі на выбарах прэзідэнта РФ. Тэхнолагі, якія працуюць над прэзідэнцкай кампаніяй, не могуць прапанаваць нічога новага, адзначылі блізкія да Крамля крыніцы.

У 2000 годзе ў прэзідэнцкіх выбарах удзельнічала Эла Памфілава (цяпер узначальвае ЦВК). Памфілава набрала 1,01 % галасоў. У 2004 годзе кандыдатам на пасаду прэзідэнта была Ірына Хакамада ад Саюза правых сіл. Яна атрымала 3,84 % галасоў.

Выбары прэзідэнта РФ адбудуцца 18 сакавіка 2018 года.

Уладзімір Пуцін пакуль афіцыйна не абвясціў, ці будзе ён вылучацца на чарговы тэрмін.

belsat.eu