Беларускія кампаніі заявілі, што не пастаўлялі санкцыйную прадукцыю ў Расію

Беларускія кампаніі ТАА «Газ Венчурэ» і ТАА «Глобалкастом» запярэчылі Федэральнай службе Расіі, якая абвінаваціла іх у кантрабандзе санкцыйнай прадукцыі.

Ілюстрацыйнае фота. Так у Расеі знішчаюць санкцыйныя прадукты. 2015 год

Ілюстрацыйнае фота. Так у Расеі знішчаюць санкцыйныя прадукты. 2015 год


У кампаніі «Газ Венчурэ» карэспандэнту Свабоды заявілі, што не займаюцца пастаўкамі санкцыйнай прадукцыі ў Расію. Ад іншых камэнтароў там адмовіліся.
Кампанія «Глобалкастом» заявіла, што яе спецыялізацыяй не з'яўляецца пастаўка харчоў і яна ня мае адносінаў да пастаўкі санкцыйных харчоў у Расію. Да таго ж ні кампанія, ні яе расійскія партнёэры не атрымлівалі прэтэнзій ад расейскіх кантрольных органаў.
«Цяпер кампанія прадугледжвае меры па абароне сваёй дзелавой рэпутацыі і абвяржэння ангажаванай інфармацыі з артыкула rbc.ru».
Кампанія тлумачыць, што пастаўкі любых харчоў уключна з санкцыйнымі «падвяргаюцца як мінімум чатыром ступеням праверкі кампетэнтнымі органамі»:
«Вялікая ёмістасць садавінагародніннага рынку Расіі прадвызначае наяўнасць і зацікаўленасць нядобрасумленных суб’ектаў гаспадарання ў Расіі ў пераарыентацыі легальных таварных патокаў, у тым ліку праз дыскрэдытацыю беларускіх прадпрыемстваў у СМІ. Гэтае меркаванне пацвярджаецца неаднаразовымі выпадкамі выкарыстання рэквізытаў ТАА „Глобалкастом“ пры нелегальным перамяшчэнні тавараў іншымі суб’ектамі гаспадарання, якія выяўляліся кампетэнтнымі органамі Беларусі і Расіі».
Раней РУП «Белмытнясэрвіс» заявіла, што ажыццяўленне паставак у Расію ішло толькі ў адпаведнасці з мытным заканадаўствам. Пры ўвозе на тэрыторыю Расіі тавар праходзіў праверку на стацыянарных пастах Рассельгаснагляду, таму санкцыйныя харчы трапіць у РФ не маглі.
Федэральная служба Расіі 28 жніўня абвінаваціла 29 расійскіх кампаній у пастаўках санкцыйных прадуктаў у Расею. Пад падазрэнне трапілі фірмы, якія мелі кантракты з беларускімі пастаўшчыкамі — РУП «Белмытнясэрвіс», ТАА «Газ Венчурэ», ТАА «Глобалкастом».
svaboda.org