«Мяса для Вагнера»: расійскія ПВК праз інтэрнэт набіраюць новую партыю наёмнікаў
«Праца ў буйной расійскай кампаніі з дружным калектывам». Колькасць аб'яў з характэрнымі «вакансіямі для ветэранаў» рэзка ўзрасла пасля разгрому групы «вагнераўцаў» у Сірыі.
У лютым расійскія прыватныя ваенныя кампаніі рэзка павялічылі актыўнасць па наборы «персаналу», у прыватнасці — пры дапамозе аб'яваў на расійскіх сайтах з вакансіямі.
Пра гэта ў Facebook паведамляе ваенны аналітык Дзмітрый Тымчук. Паводле яго слоў, колькасць аб'яў з характэрнымі прапановамі аб рабоце ўзрасла пасля разгрому групы «вагнераўцаў» у Сірыі. «Пры дэталёвым вывучэнні адпаведных вакансій на такіх сайтах, як avito.ru, 63rabota.ru, rabota-smolensk.ru і інш. мы бачым, што лютая, шалёная вярбоўка ідзе па ўсіх рэгіёнах РФ — пры гэтым дадзеныя вакансіі завуаліраваныя пад вакансію «ахоўнік аб'ектаў», які працуе «вахтавым метадам» з тэрмінам «камандзіровак» 3 мес», — адзначае Тымчук.
© Facebook / Дзмітрый Тымчук
Аналітык адзначае шэраг асаблівасцяў, характэрных для падобных вакансій. Так, у вочы адразу кідаецца заработная плата ад 80 000 рублёў (пры ўмове, што нават у Маскве сярэдняя заработная плата ахоўніка не перавышае 60 000 рублёў). Ад суіскальнікаў патрабуецца добрая фізічная падрыхтоўка і досвед працы ў гарачых кропках. Наймальнікі разглядаюць усе ваенна-уліковыя спецыяльнасці. Паўнацэнны адрас кампаніі-наймальніка ў аб'явах адсутнічае.
«Дадзеная аб'ява датавана 20 лютага 2018 года. Адкуль смела можна зрабіць выснову, што «чуткі» аб вялікіх стратах у шэрагах ЧВК Вагнера ператвараюцца ў факты. А востры недахоп «гарматнага мяса» пасля апошніх падзей у Сірыі прымушае ў тэрміновым парадку вербаваць чарговую партыю «ихтамнетов», — адзначае Тымчук.
7 лютага ў выніку авіяўдару міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША ў Сірыі загінулі больш за 100 байцоў праўладных сіл. Пасля стала вядома, што ў Сірыі ліквідавалі наёмнікаў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер». Паводле розных звестак, колькасць забітых у пачатку лютага наёмнікаў ПВК «Вагнер» можа дасягаць 600 чалавек.
Паводле unian.net