Папа Францыск змяніў тэкст малітвы «Ойча наш»

Папа Рымскі Францыск унёс змены ў італьянскі пераклад тэксту малітвы «Ойча наш», паведамляюць італьянскія СМІ. Новая рэдакцыя абурыла многіх каталіцкіх святароў і карыстальнікаў сацыяльных сетак.

GETTY IMAGES

GETTY IMAGES

Тэолагі і каталіцкія святары працавалі над зменамі тэксту больш за 16 гадоў, і новы варыянт быў зацверджаны Ватыканам 22 траўня.
У новай рэдакцыі словы малітвы «не ўводзь нас у спакусу» будуць замененыя на «не дай нам паддацца спакусе».
Францыск казаў пра неабходнасць змяніць тэкст «Ойча наш» яшчэ ў 2017 годзе. Тады ён тлумачыў гэта тым, што цяперашні пераклад няслушна тлумачыць сэнс боскіх дзеянняў.
«Бог не ўводзіць у спакусу, а дапамагае вам адразу ж падняцца пасля падзення ... Гэта дрэнны пераклад, таму што тут гаворыцца пра Бога, які схіляе да спакусы. Але той, хто заахвочвае да спакусы, — гэта сатана, гэта роля сатаны», — тлумачыў пантыфік.
Францыск таксама адзначаў, што змены ўжо ўносіліся у пераклады малітвы на шэраг іншых моў, у тым ліку на французскую.

«Праблематычныя змены»

Рэакцыя на дзеянні пантыфіка вельмі неадназначная. Частка каталіцкіх іерархаў падтрымалі пазіцыю Францыска, аднак знайшліся і перакананыя праціўнікі такой трактоўкі.
Да прыкладу, кіраўнік Паўднёвай баптысцкай каталіцкай семінарыі ў Луісвілі Альберт Молер у інтэрв'ю газеце «Seattle Times» назваў унесеныя змены «вельмі праблематычнымі».
«Гэта малітва Госпада. Яна не з'яўляецца і ніколі не была асабістай малітвай Папы, і ў Новым Запавеце мы маем словы самога Ісуса. І менавіта гэтыя словы Папа прапануе змяніць», — адзначыў Молер.
Рэдактар ​​выдання «Catholic World News» Філіп Лоўлер сказаў «New York Times», што лічыць крытыку традыцыйнага перакладу неабгрунтаванай.
«Папа Францыск мае звычку казаць рэчы, якія бянтэжаць людзей, і гэта адна з такіх рэчаў», — кажа ён.
Многія карыстальнікі сацсетак таксама засталіся незадаволеныя зменай тэксту малітвы, а некаторыя з іх нават прапанавалі «звольніць» Францыска з займанай пасады.
На дзеянні папы адрэагавалі і ў Рускай праваслаўнай царкве. Член Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі РПЦ протаіерэй Андрэй Новікаў сказаў агенцтву РІА Навіны, што ў цяперашняй версіі малітвы ніякіх багаслоўскіх недакладнасцяў няма.
«Ніхто, вядома, не будзе мяняць тэкст малітвы. Як атрымалі Пісанне — так і пакінем», — сказаў ён.
«Ойча наш» — адзіная малітва, тэкст якой, паводле Евангелля, быў дадзены вучням непасрэдна Ісусам, і яна найбольш шырока распаўсюджана сярод вернікаў хрысціян па ўсім свеце.
bbc.com