Парламент Кіпра прыняў закон аб аднаполых шлюбах
Гей-арганізацыі прывіталі вынікі галасавання, супраць выступала праваслаўная царква.

Nathan Rupert/flickr.com
Парламент Кіпра прыняў закон аб рэгістрацыі шлюбных саюзаў аднаполымі парамі. Закон уступіць у сілу пасля таго, як дакумент падпіша прэзідэнт краіны.
39 заканадаўцаў выказаліся за прыняцце законапраекта аб легалізацыі аднаполых шлюбаў, 12 прагаласавалі супраць і трое ўстрымаліся. Закон прадугледжвае роўныя правы разнаполых і аднаполых партнёраў, за выключэннем пытання аб усынаўленні дзяцей, якое вынесена за рамкі прынятага закона.
Гей-арганізацыі прывіталі вынікі галасавання, супраць выступала праваслаўная царква.
Нагадаем, аднаполы секс быў дэкрыміналізаваны на Кіпры толькі ў 1998 годзе. У 2011 годзе Кіпр быў прызнаны самай гамафобнай краінай у Еўрасаюзе. Але ўжо ў 2013 годзе на Кіпры забаранілі дыскрымінацыю на падставе сексуальнай арыентацыі, а летам 2014 года ў сталіцы краіны прайшоў першы гей-парад.