«Парушэнне правоў чалавека». У Еўропе прапануюць абмежаваць тэхналогіі распазнання твару
Тэхналогія распазнання твару павінна быць забароненая ў Еўропе, бо яна ўключае ў сябе глыбокае і недэмакратычнае ўмяшальніцтва ў жыццё чалавека. Пра гэта заявілі ў пятніцу прадстаўнікі Еўрапейскага нагляднага органа па абароне персанальных даных (EDPS).
Заява прагучала на фоне таго, што пару дзён таму Еўракамісія прадставіла праект правілаў выкарыстання гэтай тэхналогіі. Згодна з правіламі, распазнанне твару можна будзе выкарыстоўваць для пошуку зніклых дзяцей ці злачынцаў, а таксама ў выпадку тэрарыстычных атак. Правілы сталі спробай Еўракамісіі рэгламентаваць працу са штучным інтэлектам, тэхналогіяй, у якой дамініруюць Кітай і ЗША, піша «Наша Ніва» са спасылкай на Reuters.
Прадстаўнікі EDPS шкадуюць, што Еўракамісія не прыслухалася да іх ранейшага запыту забараніць распазнанне твару ў грамадскіх месцах. Згодна з іх заявай, гэтая тэхналогія патрабуе больш строгага падыходу, бо тэхналогія распазнання твару нясе выключна высокую рызыку глыбокага і недэмакратычнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё людзей. Таму EDPS будзе працаваць у тым ліку над вызначэннем дакладных межаў для выкарыстання тых інструментаў і сістэм, што могуць несці рызыку для рэалізацыі фундаментальных правоў на абарону інфармацыі і асабістае жыццё.
Прапановы Еўракамісіі дазволіць тэхналогіі распазнання твараў таксама выклікалі крытыку праваабарончых арганізацый. Іх хвалюе магчымасць таго, што аўтарытарныя ўрады здолеюць злоўжываць штучным інтэлектам, каб прыгнятаць правы чалавека.
Нагадаем, што адна з беларускіх кампаній, якая трапіла пад санкцыі ЕС, займаецца менавіта тэхналогіяй распазнання асобаў. Кажуць, што яе прадукцыя была выкарыстаная для пошуку і ідэнтыфікацыі палітычных апанентаў улады.