Пентагон і НЛА. Ці маюць амерыканцы кантакты з іншапланетнікамі?

Масавая культура даўно пужае свайго спажыўца гісторыямі пра захоп Зямлі іншымі цывілізацыямі. У абаронныя ведамствы ЗША рэгулярна паступаюць паведамленні пра неапазнаныя лятаючыя аб'екты ў небе — ці, як іх цяпер называюць, неапазнаныя анамальныя феномены. І Пентагон мусіць разбірацца.

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

З мая 2023-га па чэрвень 2024 года абароннае ведамства ЗША атрымала звыш 700 справаздач аб паветраных аб'ектах, чыё паходжанне адразу не было ўстаноўлена назіральнікамі. На мінулым тыдні Пентагон апублікаваў чарговую справаздачу пра зарэгістраваныя ведамствам неапазнаныя анамальныя феномены (НАФ).

Паняцце НАФ з'явілася ў амерыканскай урадавай тэрміналогіі параўнальнае нядаўна. Раней часцей за ўсё ў масавай культуры выкарыстоўвалася словазлучэнне «неапазнаныя лятаючыя аб'екты» (НЛА), аднак навукоўцы і чыноўнікі сталі выкарыстоўваць новую абрэвіятуру, каб аб'екты невядомага паходжання не выклікалі адразу ж асацыяцый з іншапланетнымі формамі жыцця, піша «Голас Амерыкі». Акрамя НАФ таксама выкарыстоўваецца абрэвіятура НПФ — гэта значыць «неапазнаныя паветраныя феномены».

Нядаўняя справаздача ахоплівае ўсе зарэгістраваныя выпадкі з 1 мая 2023 года па 1 чэрвеня 2024. Даныя для яе былі апрацаваны ў адмысловым Офісе па высвятленні анамалій (AARO), створаным у 2022 годзе ў рамках структуры Міністэрства абароны ЗША.

За названы перыяд у офіс AARO паступіла не менш за 757 справаздач аб неапазнаных анамальных феноменах. Спецыялістам удалося высветліць пакуль паходжанне толькі 118 з іх — і ва ўсіх выпадках AARO ўстанавіла для іх «празаічнае тлумачэнне».

У 70% гаворка ідзе пра паветраныя шары і аэрастаты. 16% ідэнтыфікаваных аб'ектаў уяўлялі сабой беспілотнікі, 8% з'яўляліся птушкамі. Невялікая колькасць НАФ таксама на справе аказалася спадарожнікамі або лятальнымі апаратамі. Большасць НАФ за гэты перыяд (708 выпадкаў) былі выяўленыя ў паветранай прасторы, яшчэ 49 былі зафіксаваныя ў космасе. Пры гэтым аб'екты ў космасе былі заўважаныя не арбітальнымі прыладамі, а пілотамі самалётаў або назіральнікамі з зямлі.

Пентагон заявіў, што ні адзін з апазнаных аб'ектаў не з'яўляецца сведчаннем нейкіх прарыўных аэракасмічных тэхналогій, а таксама не адносіцца да прылад, створаных замежнымі супернікамі Злучаных Штатаў.

Неапазнаныя феномены не ўяўлялі небяспекі, за выключэннем аднаго: адна з справаздач прысвечана «цыліндрычнаму прадмету», што амаль ўрэзаўся ў камерцыйны борт над Атлантычным акіянам. AARO яшчэ працягвае расследаванне гэтага інцыдэнту.

AARO ўсё часцей атрымлівае справаздачы пра невядомыя аб'екты, якія пры вывучэнні аказваюцца спадарожнікамі арбітальнай групоўкі «Starlink» — праект Ілана Маска па стварэнні шматтысячнай спадарожнікавай інтэрнэт-сеткі. Так, напрыклад, у адной са справаздач пілот самалёта паведаміў пра белыя агні ў начным небе: AARO высветліла, што аб'екты былі заўважаныя праз гадзіну пасля запуску чарговай групы «Starlink» у той жа дзень.

AARO, будучы падраздзяленнем у структуры Пентагона, пры гэтым прызнаецца ў геаграфічнай хібнасці: збор даных праводзіўся толькі ў месцах, дзе прысутнічаюць амерыканскія вайскоўцы. Так, напрыклад, 100 справаздач пра НАФ паступілі ад амерыканскіх вайскоўцаў, якія базуюцца ва Усходняй Азіі, яшчэ 57 — ад служачых УС ЗША на Блізкім Усходзе.


Глядзіце таксама

Хоць паходжанне далёка не ўсіх выяўленых НАФ было ўстаноўлена, AARO ў дакладзе асобна прагаворвае адказ на пытанне, якое цікавіць многіх: у справаздачах пакуль не былі выяўленыя аніякія доказы незямнога жыцця або іншапланетных тэхналогій.

Пентагон — не адзінае ведамства, якое праяўляе ўвагу да тэмы НАФ. Сумесна з абаронным міністэрствам гэтай тэмай актыўна займаецца і выведвальная супольнасць ЗША, а таксама NASA. Так, напрыклад амерыканскае аэракасмічнае ведамства ў 2022 годзе сфармавала працоўную групу па вывучэнні неапазнаных анамалій.

Аналагічным чынам пару месяцаў таму Пентагон развеяў міфы пра НАФ (або НЛА), якія былі папулярныя ў другой палове мінулага стагоддзя, піша «Бі-бі-сі». Усплёск паведамленняў пра НЛА ў 1960-я гады быў выкліканы выпрабаваннямі перадавых амерыканскіх самалётаў-шпіёнаў і касмічных тэхналогій, гаворыцца ў дакладзе Пентагона.

У дакуменце, што быў прадстаўлены ў сакавіку перад Кангрэсам, таксама гаворыцца, што няма аніякіх доказаў таго, што ўрад ЗША ўзаемадзейнічаў з іншапланецянамі.

У большасці выпадкаў, калі паведамлялася пра назіранні за НЛА або іншымі анамальнымі з'явамі, гаворка ішла пра звычайныя аб'екты, заявілі афіцыйныя асобы, прызнаўшы, што іх даклад не развее народныя павер'і аб іншапланетных гасцях.

«Распаўсюд тэлевізійных праграм, кніг, фільмаў і велізарнай колькасці матэрыялаў у Інтэрнэце і сацыяльных сетках, прысвечаных НЛА, хутчэй за ўсё, паўплываў на грамадскую дыскусію на гэтую тэму і ўмацаваў гэтыя перакананні сярод некаторых слаёў насельніцтва», — гаворыцца ў дакладзе.

Прэс-сакратар Пентагона Пэт Райдэр сказаў, што чыноўнікі паставіліся да дакладу непрадузята, але проста не знайшлі аніякіх доказаў існавання прышэльцаў.

«Усе следчыя мерапрыемствы, праведзеныя на ўсіх узроўнях класіфікацыі, прыйшлі да высновы, што большасць выпадкаў назірання былі звычайнымі аб'ектамі і з'явамі і з'яўлялася вынікам няправільнай ідэнтыфікацыі», — заявіў ён журналістам.

У дакладзе, падрыхтаваным AARO Мінабароны ЗША, адзначаецца, што грамадская думка, верагодна, падвергнулася ўплыву поп-культуры.

«Асабліва ўстойлівым з'яўляецца сцвярджэнне, што ўрад выявіў касмічныя караблі і рэшткі іншапланецян і ўступіў у змову, каб захаваць у тайне сваю дзейнасць па вывучэнні іншапланецян», — гаворыцца ў дакладзе.


Глядзіце таксама

Паводле даных апытання «Gallup», праведзенага ў 2021 годзе, крыху больш за 40% амерыканцаў лічаць, што зямлю наведвалі касмічныя караблі прышэльцаў, і гэтая колькасць павялічылася з 33% усяго за два гады.

AARO вывучыла архівы і сакрэтныя файлы і прааналізавала ўсе афіцыйныя ўрадавыя расследаванні, пачынаючы з 1945 года.

Дадатковая справаздача была апублікаваная на мінулым тыдні і даступная на сайце Пентагона.