Пентагон на працягу многіх гадоў таемна вывучаў НЛА

Міністэрства абароны ЗША на працягу многіх гадоў таемна вывучала неапазнаныя лятаючыя аб'екты (НЛА). На сакрэтную "Праграму па выяўленні пагроз у паветранай і касмічнай прасторы" (Advanced Aerospace Threat Identification Program) штогод вылучалася па 22 млн долараў.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым адпаведныя асігнаванні былі схаваны ў агульным вайсковым бюджэце, паведамілі ў суботу, 16 снежня амерыканскія выданні The New York Times і Politico са спасылкай на ўдзельнікаў гэтай праграмы, піша dw.com.
Як адзначаюць выданні, дадзеная праграма была запушчана ў 2007 годзе. Пентагон пацвердзіў гэта, падкрэсліўшы, аднак, што праект быў згорнуты ў 2012 годзе з-за эканоміі сродкаў. Тым не менш, інфармаваныя крыніцы паведамляюць, што супрацоўнікі Пентагона паралельна з асноўнымі абавязкамі працягвалі вывучаць матэрыялы па НЛА і пасля спынення фінансавання.
Праграма была запушчана па ініцыятыве тагачаснага лідара дэмакратычнай большасці ў Сенаце ЗША Гары Рыда, які вельмі цікавіўся касмічнымі феноменамі. Праектам кіраваў супрацоўнік ваеннай разведкі Луіс Элізонда, а большасць грошай пайшла ў даследчы цэнтр, які ўзначальвае супрацоўнік аэракасмічнага агенцтва НАСА — мільярдэр Роберт Бігелаў — сябра Гары Рыда. Бігелоў у інтэрв'ю тэлекампаніі CBS у траўні заявіў, што ён абсалютна перакананы ў існаванні НЛА, а таксама ў тым, што НЛА наведвалі Зямлю.
У архівах кампаніі Бігелоў утрымліваюцца дакументы, у якіх зафіксавана выяўленне розных таямнічых лятучых аб'ектаў, у тым ліку самалёта, які рухаўся з вельмі высокай хуткасцю без бачных прыкмет цягі.