Прэзідэнт Малдовы Майя Санду: эскалацыя ў Ціраспалі зыходзіць ад сіл унутры Прыднястроўя
Прэзідэнт Малдовы Майя Санду зрабіла заяву для прэсы пасля пасяджэння Вышэйшага Савета Бяспекі.
Падчас пасяджэння ВСБ Малдовы абмяркоўваліся інцыдэнты ў
Прыднястроўі і падзеі ў рэгіёне, паведамляе point.md.
Нагадаем, сёння паведамлялася пра выбухі ў Ціраспалі — у штаб-кватэры МГБ, на аэрадроме ў Ціраспалі і ў пасёлку Маяк.
«Па наяўнай у нас на дадзены момант інфармацыі, гэтыя эскалацыйныя намеры зыходзяць ад сіл унутры прыднястроўскага рэгіёну, якія з'яўляюцца праваеннымі сіламі і зацікаўлены ў дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне», — сказала прэзідэнт Малдовы ў адказ на пытанне, ці ведаюць улады Кішынёва, хто можа стаяць за гэтымі нападамі.
Пры гэтым Майя Санду распарадзілася прыняць меры па ўзмацненні
інтэнсіўнасці праверак руху ў ваколіцах рэгіёну, патрулявання і праверцы
тэрыторыі і межы.
Таксама было даручана павысіць узровень бяспекі аб'ектаў
інфраструктуры.
Раней прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў адміністрацыі прэзідэнта РФ уважліва сочаць за сітуацыяй у Прыднястроўі. У апошнія дні адтуль рэгулярна паведамляюць аб выбухах, а Савет бяспекі непрызнанай рэспублікі абвясціў чырвоны ўзровень тэрарыстычнай небяспекі.
Нагадаем, у Прыднястроўі размяшчаюцца расійскія войскі. Яно мяжуе з Адэскай вобласцю Украіны.
Варта адзначыць, што 22 красавіка намеснік камандуючага войскамі Цэнтральнай ваеннай акругі (ЦВА) Расіі Рустам Мінекаеў заявіў, што Расія плануе захапіць поўдзень Украіны і выйсці да Прыднястроўя, дзе нібыта назіраецца «прыгнёт рускамоўнага насельніцтва».