Прэзідэнт Малдовы Мая Санду склікае Раду бяспекі пасля выбухаў у Прыднястроўі
Прэзідэнт Малдовы Мая Санду правядзе пасяджэнне Рады бяспекі краіны пасля выбухаў і абстрэлаў у Прыднястроўі.
«Мая Санду склікае сёння пасяджэнне Вышэйшай Рады бяспекі ў сувязі з інцыдэнтамі ў прыднястроўскім рэгіёне», — гаворыцца ў паведамленні на сайце прэзідэнта Малдовы.
Раніцай 26 красавіка ў прыднястроўскім пасёлку Маяк быў узарваны Рэгіянальны радыёцэнтр, які трансляваў расійскія радыёстанцыі. 25 красавіка ўлады Прыднястроўя паведамілі аб абстрэле з гранатамёта будынка Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Прыднястроўя ў Ціраспалі.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў адміністрацыі прэзідэнта РФ уважліва сочаць за сітуацыяй у Прыднястроўі. У апошнія дні адтуль рэгулярна паведамляюць аб выбухах, а Савет бяспекі непрызнанай рэспублікі абвясціў чырвоны ўзровень тэрарыстычнай небяспекі.
Нагадаем, у Прыднястроўі размяшчаюцца расійскія войскі. Яно мяжуе з Адэскай вобласцю Украіны.
Варта адзначыць, што 22 красавіка намеснік камандуючага войскамі Цэнтральнай ваеннай акругі (ЦВА) Расіі Рустам Мінекаеў заявіў, што Расія плануе захапіць поўдзень Украіны і выйсці да Прыднястроўя, дзе нібыта назіраецца «прыгнёт рускамоўнага насельніцтва».