Прэзідэнт з рэанімацыі

Як паказвае досвед Алжыра, аўтарытарны палітык можа кіраваць краінай нават у каматозным стане. Праўда, негатыўныя наступствы для рэжыму ўсё роўна непазбежныя.

Абдэль Азіз Бутэфліка. Фота GlobalLookPress/Billal Bensalem

Абдэль Азіз Бутэфліка. Фота GlobalLookPress/Billal Bensalem

Абдэль Азіз Бутэфліка абіраўся прэзідэнтам Алжыра аж чатыры разы запар, і правёў на пасадзе прэзідэнта 20 гадоў (з 1999-га па 2019-ты). Зрэшты, гісторыкі не ўпэўненыя, што Абдэль Азіз сапраўды кіраваў краінай увесь гэты час. На нейкім этапе з-за праблем са здароўем ён наўрад ці быў у стане прымаць важныя рашэнні.Упершыню Бутэфліка быў шпіталізаваны ў 2005 годзе падчас візіту ў Францыю. Паведамлялася, што ў яго быў крывацёк у страўніку з прычыны язвы. Праз тры тыдні яго выпісалі. Тады факт хваробы гаранта ўлады ад людзей не хавалі.
Ён зноў трапіў у шпіталь у красавіку 2006 года. Гэтым разам Бутэфліка некаторы час заставаўся практычна без сувязі з навакольным светам: гэта прывяло да чутак, што ён цяжка хворы на рак страўніка. Гэтыя чуткі пазней, у 2008-м, пацвердзіла ўцечка з алжырскага МЗС.
На гэты раз улады намагаліся фільтраваць і хаваць інфармацыю аб здароўі прэзідэнта. Як і факт інсульту, які здарыўся ў 2013-м. Адзін з мясцовых журналістаў расследаваў, як інсульт паўплываў на стан Бутэфліка, і ўпершыню выказаў падазрэнне, што Абдэль Азіз толькі перыядычна прымае рашэнні. Публікацыя каштавала журналісту крымінальнага пераследу па артыкуле «Пагроза нацыянальнай бяспецы». Адначасова тыражы алжырскіх газет Mon Journal і Djaridati, якія сцвярджалі, што Бутэфліка знаходзіцца ў каматозным стане, былі канфіскаваныя.
16 ліпеня 2013 года, пасля 80 дзён адсутнасці, Абдэль Азіз Бутэфліка таемна вярнуўся ў Алжыр у інвалідным вазку. Пасля ён прайшоў шэраг сакрэтных медыцынскіх абследаванняў у Францыі і Швейцарыі. Упершыню з траўня 2012 года ён з'явіўся на публіцы толькі ў сакавіку 2014-га, каб у прысутнасці журналістаў прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах. Прычым, прагаласаваць за сваю ж кандыдатуру.
Справа ў тым, што прэзідэнцкі сямейны клан прыдумаў схему, як кіраваць краінай ад імя інваліда. Прэзідэнт знаходзіўся ў шпіталі, а заявы ад яго імя рабіла кола набліжаных да яго людзей. Такая мадэль некаторы час працавала, паколькі Бутэфліка быў аўтарытэтнай асобай, сімвалам стабільнасці. Ён з'яўляўся адной з апошніх знакавых фігур алжырскай вайны за незалежнасць і працэсу нацыянальнага прымірэння напрыканцы 1990-х. Зрэшты, не выключана, што Абдэль Азіз настолькі звыкся з роляй кіраўніка, што не хацеў адмаўляцца ад яе нават будучы ў вельмі кепскім фізічна-ментальным стане.
Аднак паступова такая формула кіравання стала ўспрымацца грамадствам як фарс. Тым больш, што часам Бутэфліка не з'яўляўся на публіцы па два гады, і некаторыя з міністраў не бачылі яго больш за год.


У 2016 годзе аднаму французскаму журналісту ўдалося атрымаць інсайт аб тым, як выглядае працоўны дзень прэзідэнта Алжыра. Апошні, як правіла, увесь дзень быў прыкаваны да ложка і прыходзіў у прытомнасць толькі на некалькі гадзін. У гэты прамежак ён спрабаваў даваць нейкія ўказанні, але вельмі часта яны перарываліся доўгімі ўспамінамі і маналогамі аб мінулым. Пакутуючы на афазію (адсутнасць гаворкі або праблема з гаворкай у выніку перанесеных траўмаў, пухлін, інсультаў), ён быў вымушаны размаўляць з наведвальнікамі з дапамогай мікрафона, падлучанага да гукаўзмацняльніка.
Усім было відавочна, што прэзідэнтам фактычна маніпулююць, а дзяржаўныя рашэнні, хутчэй за ўсё, прымаюць людзі, якіх ніхто не абіраў. Таму ўладам даводзілася нешта прыдумляць. Як толькі здароўе прэзідэнта паляпшалася, яго адразу выстаўлялі пад аб’ектывы камер.


Так, у чэрвені 2017 года прэзідэнт Бутэфліка нечакана быў паказаны Алжырскім дзяржаўным тэлебачаннем падчас пасяджэння ўрада. Ён даручыў ураду скараціць аб'ём імпарту, стрымліваць выдаткі дзяржбюджэту і папярэдзіў аб небяспецы росту знешняга доўгу. Пасля гэтага гарант зноў знік з радараў на доўгі час.Гледзячы па ўсім, такі стан рэчаў прыносіў клану Бутэфліка нейкія салідныя бонусы. Інакш бы яны не намагаліся эксплуатаваць фігуру генерала да апошняга. Нягледзячы на відавочную незадаволенасць людзей,
10 лютага 2019-га Бутэфліка зноў «вылучыў» сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах, якія павінны былі прайсці ў красавіку таго ж года.
Аднак гэтым разам перспектыва пераабрання хворага прэзідэнта народу не спадабалася. 18 лютага ў краіне пачаліся масавыя пратэсты супраць вылучэння Бутэфлікі на пяты тэрмін. Яшчэ больш маніфестантаў стымулявала навіна пра тое, што прэзідэнт у гэты час не знаходзіўся ў краіне, а быў шпіталізаваны ў крытычным стане ў рэанімацыі жэнеўскай бальніцы. Газета Tribune de Genève паведамляла, што прэзідэнт Алжыру «перабывае пад пастаяннай жыццёвай пагрозай» з-за «сістэмнага парушэння яго цялесных рэфлексаў і праблем з дыханнем».
Нават легальныя алжырскія СМІ, якія заўжды пісалі з аглядкай на прэзідэнцкую адміністрацыю, асцярожна прызнавалі, што Абдэль Азіз Бутэфліка больш не павінен выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы, і мусіць адклікаць заяву пра свой удзел у выбарах.


Пакуль няма поўнай карціны, што адбывалася ў той час у кулуарах алжырскай эліты. Хіба ёсць версія пра тое, што вайскоўцы прымусілі клан Бутэфліка адмовіцца ад планаў кантраляваць уладу надалей. Так ці інакш, 11 сакавіка прэзідэнт заявіў, што не будзе вылучацца на выбарах, а самі выбары пройдуць пасля распрацоўкі праекта новай канстытуцыі Алжыра. Яшчэ праз нейкі час, а менавіта 1 красавіка, Бутэфліка заявіў, што пакіне пасаду прэзідэнта да 28 красавіка, калі павінен скончыцца яго дзейны прэзідэнцкі мандат.


Відавочна, што гэты крок павінен быў супакоіць алжырцаў. Аднак пратэсты працягнуліся. Рэжым, які паўстаў пасля эпохі Бутэфліка, дасюль цалкам не стабілізаваўся. Такім высокім аказаўся кошт спробы хворага чалавека і яго атачэння заставацца пры ўладзе любымі сродкамі.
Сам Абдэль Азіз Бутэфліка памёр 17 верасня 2021 года.