Расія забараніла турэцкім кампаніям працаваць у шматлікіх галінах

Расійскі ўрад апублікаваў пералік работ, якія трапілі пад санкцыі. У спіс, у прыватнасці, увайшлі будаўніцтва і турыстычная дзейнасць.



0_17109518_303_00.jpg

Урад РФ у сераду, 30 снежня, забараніў турэцкім арганізацыям займацца ў Расіі будаўнічым, турыстычным і гасцінічным бізнесам. Дакумент апублікаваны на сайце кабінета міністраў. Абмежаванні ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2016 года, паведамляе www.dw.com.

Меры таксама закрануць сферы інжынерна-тэхнічнага праектавання, дзейнасці ў галіне архітэктуры і аказання паслуг для дзяржаўных і муніцыпальных патрэб. Акрамя таго, турэцкія кампаніі не змогуць займацца на тэрыторыі РФ апрацоўкай драўніны.

У дакуменце адзначаецца, што забарона не распаўсюджваецца на работы і паслугі, выкананне якіх прадугледжана кантрактамі, заключанымі да ўступлення пастановы ў сілу.

Уладзімір Пуцін 28 снежня падпісаў указ аб увядзенні спецыяльных эканамічных мер у дачыненні да Турцыі. Дакумент уводзіць забарону або абмежаванне для арганізацый, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Турцыі альбо кантралююцца яе грамадзянамі, на выкананне імі асобных відаў работ на тэрыторыі Расіі. Пералік было даручана вызначыць ўраду РФ.