Размаўляйце з чалавечым акцэнтам!
Партыя французскага прэзідэнта патрабуе замацаваць у заканадаўстве права грамадзян размаўляць на мясцовых дыялектах і, адпаведна, з моцным акцэнтам.

Роўна дзесяць гадоў таму, у 2008-м, уся Францыя літаральна смяялася дзякуючы камедыі «Bienvenue chez les Ch’tis» (у рускамоўным перакладзе яе паказвалі пад назвай «Бобро поржаловать!»). Стужка распавядае пра прыгоды кіраўніка паштовай службы, якога адпраўляюць працаваць з лагоднага поўдня краіны на самую французскую яе поўнач, у Пікардыю. На новым месцы яму даводзіцца пераадолець шмат стэрэатыпаў наконт поўначы, у тым ліку наконт гаворкі мясцовых жыхароў. Намагаючыся зразумець дыялект тутэйшых, герой трапляе ў шмат камедыйных сітуацый.
Тады тэма мясцовых акцэнтаў выклікала ў грамадстве выключна смех. Праз дзесяць гадоў яна стала тэмай бескампраміснай палітычнай барацьбы.
Усё пачалося пасля скандальнай прэс-канферэнцыі Жана-Люка Меланшона, лідара левага руху France insoumise («Мяцежная Францыя»). У час мерапрыемства, якое адбылося 17 кастрычніка, палітык, на думку шмат каго, выйшаў за межы палітэсу: пажартаваў з тулузскай журналісткі, якая задала пытанне з вельмі выразным паўднёвым акцэнтам. «Вы кажаце невядома што. Нехта тут можа паставіць мне пытанне па-французску?» — цытуе прэса словы лідара France insoumise, якія адразу разляцеліся па сацыяльных сетках і выклікалі гарачую палеміку.
Тое, што французы так актыўна рэагуюць на згаданую тэму, можна патлумачыць велізарнай колькасцю дыялектаў і, адпаведна, акцэнтаў у Францыі. Французскую мову па адзіным стандарце пачалі выкладаць толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя. Аднак і дасюль татальнай асіміляцыі мясцовых гаворак няма. Цяпер спецыялісты налічваюць у краіне чатыры моцныя акцэнты — паўночны, парыжскі, ліёнскі і паўднёвы. Аднак кожны з іх мае свае варыяцыі. Напрыклад, гукавыя асаблівасці мовы звычайнага парыжаніна фармуюцца за кошт яго прафесіі, сацыяльнага статусу і геаграфіі пражывання.
Некаторыя лічаць праблему дыялектаў і акцэнтаў цалкам штучнай. Вялікая колькасць правінцыйных артыстаў або палітыкаў з моцным акцэнтам спакойна рабілі сабе кар’еры ў Парыжы. У якасці прыкладу можна ўзгадаць славутага артыста Фернандэля, якому была ўласцівая моцная марсельская гаворка. Акрамя таго, анархія ў гэтай сферы, маўляў, знішчыць канон французскай мовы, на якім размаўляюць у Парыжы і сталічным рэгіёне.
Алею ў агонь, між тым, падлілі палітычныя праціўнікі Меланшона. Лаетыта Авія, дэпутатка ад прапрэзідэнцкай партыі «Рэспубліка на маршы» (LREM), абвясціла пра намер ініцыяваць закон супраць лінгвістычнай дыскрымінацыі, якая на мове спецыялістаў называецца «glottophobie». «Ці гаворым мы горш па-французску, калі гаворым з акцэнтам? Ці абавязаныя мы пры гэтым трываць знявагі, калі не валодаем стандартнай інтанацыяй? Нашы акцэнты — частка нашай ідэнтычнасці», — растлумачыла дэпутатка ідэю ў сваім Твітары.
Прапанову сустрэлі па-рознаму. Некаторыя лічаць, што партыя ўлады з тэмай акцэнтаў трапіла ў пастку. Меланшон, маўляў, свядома жартаваў з тулузскай журналісткі. Ён, нібыта, спрабуе працаваць у жанры левага папулізму. І ў тым ліку таму свядома або несвядома спрабуе капіяваць стыль Трампа, які, дзякуючы скандалам, увесь час прысутнічаў у медыяполі, павялічваючы свой палітычны капітал. Сапраўды, папулярнасць Меланшона дастаткова высокая.
Некаторыя інтэлектуалы лічаць, што ініцыятыва дэпутаткі, хутчэй, дыскрэдытуе партыю Макрона. Тэма мясцовых гаворак і акцэнтаў вельмі часта звязаная з жартамі і анекдотамі. Усур’ёз казаць пра праблему дыялектаў і акцэнтаў азначае прызнацца ў адсутнасці пачуцця гумару. Дарэчы, некаторыя праўладныя медыя ўжо заявілі, што Лаетыта Авія пажартавала наконт законапраекту пра «glottophobie».
А вось шматлікія аматары французскай мовы кажуць, што галоўныя ахвяры «glottophobie» — не правінцыялы, а ўсе французы разам. Справа ў тым, што яны ў любым выпадку размаўляюць па-англійску з выразным акцэнтам. Праз такую арыгінальную англійскую французам заблакаваныя кар’ерныя ліфты ў міжнародных органах і карпарацыях, дзе пануе мова Шэкспіра. Франкафоны заклікаюць уладу абвясціць крыжовы паход супраць дамінавання англійскай мовы ў свеце.
Нарэшце, не абышлося без арыгінальных трактовак апошніх падзей. Адзін з актывістаў France insoumise заявіў, што тулузская журналістка намагалася наўмысна справакаваць Меланшона. Калі яму верыць, журналістка на той прэс-канферэнцыі казала не з тулузскім акцэнтам, а з выразным марсельскім. Пры гэтым яна вельмі моцна крыўлялася, каб выклікаць адмоўную рэакцыю ў Меланшона.
Дэбаты наконт акцэнтаў працягваюцца і, напэўна, будуць перманентна ўзмацняцца або слабець — у залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры. Аднак нейкае прамежкавае рэзюмэ ўжо можна зрабіць: матэрыялу для здымкаў фільма «Bienvenue chez les Ch’tis –2» — больш чым трэба.