Санта-Клаўс ідзе ў міністры, галаву прэм'ера — пад ялінку: Каляды вачыма карыкатурыстаў
Гаджэт для Санты ў Кітаі, і барацьба з фэйкавымі навінамі на прыкладзе нараджэння Хрыста ў Амерыцы — актуальныя падзеі тыдня ў святочным кантэксце вачыма сусветных карыкатурыстаў.
![1_158.jpg 1_158.jpg](/img/v1/images/1_158.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Анансаваная Трампам адстаўка міністра абароны Джэймса Мэціса выклікала шквал спекуляцый наконт яго пераемніка. Як вядома, ад кадравай палітыкі Дональда можна чакаць чаго заўгодна. У карыкатуры нямецкага мастака Харма Бенгена (Harm Bengen) Трамп прапануе Санта-Клаўсу заняць вакансію кіраўніка ваеннага дэпартамента.
![2_144.jpg 2_144.jpg](/img/v1/images/2_144.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Між тым польскі мастак Анджэй Млечка прапануе Святым Міколам прайсці курс самаабароны. На думку герояў яго малюнка, дзеці ў наш час сталі вельмі агрэсіўныя.
![3_127.jpg 3_127.jpg](/img/v1/images/3_127.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
А вось у Францыі навагоднія святы відавочна маюць прысмак пратэстаў, якія скалыналі краіну апошні час. У гэтым плане не дзіўная карыкатура са скандальнага выдання Charlie Hebdo: на малюнку Санта-Клаўс прыносіць падарункі ў выглядзе галоў прэм'ера і прэзідэнта.
![4_127.jpg 4_127.jpg](/img/v1/images/4_127.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мастак амерыканскай газеты The Augusta Chronicle паспрабаваў прадставіць, як выглядалі б сцэны з Евангелля ў праекцыі на наш час. У такім выпадку анёл, напэўна, суправадзіў навіну аб нараджэнні Хрыста заўвагай, што гэта не фэйк.
![5_122.jpg 5_122.jpg](/img/v1/images/5_122.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нарэшце кітайская газета China Daily пераглядае традыцыйны вобраз Санта-Клаўса. На думку яе мастака, цяперашні Санта-Клаўс на сваёй працы абавязкова павінен скарыстацца сучаснымі гаджэтамі.