Сапсаваў свята. Галоўны метэаролаг Венгрыі пазбавіўся працы з-за прагнозу надвор'я

Урад Венгрыі 20 жніўня адмяніў у Будапешце маштабны феерверк у гонар нацыянальнага свята — дня Святога Іштвана — з-за прадказанай сіноптыкамі навальніцы і моцнай залевы. Але прагноз не спраўдзіўся. У выніку кіраўнік метэаслужбы і яго намеснік былі звольненыя.

Ілюстрацыйнае фота paradisetravel.hu

Ілюстрацыйнае фота paradisetravel.hu

У мінулую суботу, 20 жніўня, Венгрыя адзначала найстарэйшае нацыянальнае свята — Дзень святога Іштвана. Менавіта ў гэты дзень у 1083 годзе першы венгерскі кароль Іштван з роду Арпадаў быў кананізаваны Папам Рыгорам VII. У краіне — не проста Дзень памінання святога, а яшчэ і Дзень дзяржаўнасці Венгрыі.

Вялікага князя Іштвана, які цэнтралізаваў уладу і ператварыў Венгрыю ў хрысціянскую дзяржаву, называюць заснавальнікам Венгрыі.

Звычайна Дзень Святога Іштвана — гэта грандыёзнае свята. Кожны год 20 жніўня адбываюцца маштабныя народныя гулянні. Уся краіна не працуе і адзначае гэты дзень.

У гэтым годзе нацыянальнае свята планавалася адзначыць «самым вялікім салютам у Еўропе», як абяцалі арганізатары. Былі закупленыя 40 тысяч феерверкаў. Іх усталявалі ў 240 кропках на пяцікіламетровым участку ракі Дунай у сталіцы Венгрыі. Чакалася, што за відовішчам будуць назіраць каля 2 мільёнаў чалавек.

Але за сем гадзін да грандыёзнага мерапрыемства ўрад вырашыў адкласці яго — метэаролагі паабяцалі страшную залеву. Аднак праз сем гадзін на Будапешт не ўпала ні дажджынкі. Лівень, прадказаны Нацыянальнай метэаралагічнай службай, змяніў кірунак, цалкам абмінуў сталіцу і замест гэтага абрынуўся на ўсходнюю Венгрыю.

Метэаслужба выбачылася за сарванае з-за прагнозу свята і адзначыла, што адбыўся найменш верагодны варыянт развіцця сітуацыі і што нявызначанасць з'яўляецца часткай прагназавання надвор'я. Але было ўжо позна.

 Міністр інавацый і тэхналогій Ласла Палковіч, у чыім ведамстве знаходзіцца метэаслужба, звольніў яе начальніка і намесніка.

Рэакцыя венграў на такое рашэнне была неадназначнай: адны асудзілі рашэнне ўрада звольніць метэаролагаў і ў цэлым выступаюць супраць феерверкаў падчас вайны ва Украіне, іншыя абураліся з-за нібыта некампетэнтнасці сіноптыкаў ды цяпер разлічваюць, што ў наступную суботу ўжо сапраўды пабачаць феерверк.

Паводле ВВС, paradisetravel.hu