Столтэнберг: NATO можа ўжыць Пяты артыкул у адказ на кібератакі Расіі

Генсек NATO заявіў аб магчымасці калектыўных абарончых захадаў у інтэрв'ю парталу Axios, паведамляе «Радыё Свабода».

Енс Столтэнберг, фота AFP

Енс Столтэнберг, фота AFP


Столтэнбэрг удакладніў, што гэтая норма (пяты артыкул дамовы NATO) не можа быць задзейнічаная аўтаматычна. Яе ажыццяўленне будзе залежыць ад характэру хакерскай атакі, сказаў ён. Столтэнбэрг адмовіўся канкрэтызаваць ўмовы ажыццяўлення Пятага артыкулу, каб не даваць патэнцыйным праціўнікам перавагі.
Столтэнбэрг таксама адказаў на пытанне, як успрымаць нядаўнюю заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які ўсумніўся, ці варта саюзнікам станавіцца на абарону Чарнагорыі — самага маладога чальца NATO — у выпадку, калі на краіну будзе ўчынены напад. Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу запэўніў, што ЗША застаюцца «цалкам адданыя Пятаму артыкулу» ў дачыненні да Чарнагорыі. Паводле яго, пра гэта сведчаць рэальныя дзеянні Вашынгтону
Згодна з Пятым артыкулам дамовы NATO, узброены напад на аднаго або некалькіх удзельнікаў альянсу будзе разглядацца як атака на ўсіх саюзнікаў. Гэтая норма выкарыстоўвалася толькі адзін раз — пасля тэрарыстычных атак 11 верасня 2001 года. У снежні 2015 года саюзнікі дамовіліся аб магчымасці ўжыць Пяты артыкул у адказ на «гібрыдныя атакі», у якіх раней краіны Захаду абвінавацілі Маскву.
Паводле «Радыё Свабода»