Швецыя да лета падасць заяўку на ўступленне ў NATO. Магчыма, адначасова з Фінляндыяй
Шведская газета Svenska Dagbladet паведамляе, што краіна плануе далучыцца да NATO не пазней за чэрвень.
«Мэта прэм'ер-міністра Магдалены Андэрсан — уступленне Швецыі ў NATO ў чэрвені гэтага года», — паведамляе газета ў Твітары.
Паводле інфармацыі газеты, рашэнне ўступіць у NATO прынятае.
Раней таксама аб жаданні ўступлення ў NATO таксама заявіла Фінляндыя. Прэм'ер-міністр Сана Марын заявіла, што парламент краіны абмяркуе членства ў NATO ужо на наступным тыдні.
Сёння прэм'ер-міністры Швецыі і Фінляндыі сустракаюцца.
Раней крыніцы ў NATO заяўлялі, што рашэнне аб прыёме дзвюх скандынаўскіх краін можа быць прынятае цягам некалькіх тыдняў пасля падачы імі заяўкі.
Далучэнне Фінляндыі і Швецыі да абароннага альянсу — адна са значных стратэгічных параз Расіі, якая пралічылася адносна наступстваў нападу на Украіну.
Масква і Лукашэнка разлічвалі, што ім удасца захапіць Украіну «за тры-чатыры дні». У рэальнасці, расійскія войскі выявіліся слабейшыя, чым іх малявала прапаганда, а супраціўленне ўкраінцаў агрэсіі стала ўсенародным, што сарвала бліцкрыг.
5-мільённая Фінляндыя і 9-мільённая Швецыя маюць моцныя, добра ўзброеныя і самадастатковыя арміі, якія істотна ўзмоцняць паўночны фланг NATO, што зробіць напад Расіі на Балтыю і Польшчу яшчэ менш імаверным.