Таджыкі ў Расіі баяцца, што іх масава адправяць на вайну ва Украіну з-за тэракту

У Маскве мігранты з Таджыкістана стараюцца не пакідаць свае дамы, бо баяцца дэпартацыі або масавай адпраўкі на вайну супраць Украіны з-за тэракту ў «Крокус Сіці Хол».

Расійскія сілавікі каля «Крокус Сіці Хола». Фота Getty Images

Расійскія сілавікі каля «Крокус Сіці Хола». Фота Getty Images

У сувязі з тым, што чацвёра затрыманых падазраваных у тэракце ў Падмаскоўі з'яўляюцца выхадцамі з Таджыкістана, у РФ абвастрылася антымігранцкая рыторыка ў інтэрнэце. Пра гэта піша «РБК-Украіна» са спасылкай на The New York Times.

Найбольш актыўна ксенафобія пачала распаўсюджвацца ў пабліках так званых ваенных блогераў, прыхільнікаў расійскага ўварвання ва Украіну, якія пераважна ультраправыя.

У выніку Крэмль ідзе насустрач патрабаванням прыхільнікаў вайны — і абяцае больш жорсткія дзеянні ў дачыненні да мігрантаў, спрабуючы не дапусціць разгарання міжэтнічнай напружанасці ў грамадстве.

Паводле звестак дзяржаўнай статыстыкі РФ, у мінулым годзе ў Расіі былі зарэгістраваныя ў якасці працоўных мігрантаў амаль мільён грамадзян Таджыкістана.

Глядзіце таксама

Так, менеджар харчовага прадпрыемства ў Маскве, дзе працуюць таджыкі, сказаў NYT, што настрой нагадвае 2000-я гады, калі мусульмане з Каўказа сутыкнуліся з шырокай дыскрымінацыяй пасля тэрарыстычных нападаў і вайны ў Чачні. Таджыкі ў Маскве настолькі напалоханыя, што на вуліцу амаль не выходзяць, сказала яна.

Яны баяцца не толькі дэпартацыі, але і быць уцягнутымі ў вайну ва Украіне, кажа 25-гадовы Сайданвар, таджыкскі праваабаронца, які нядаўна пакінуў Маскву.

«Таджыкі сапраўды баяцца, што расійскія ўлады пачнуць масава адпраўляць іх на фронт ваяваць у якасці помсты нашаму таджыкскаму народу», — сказаў ён. 

Глядзіце таксама

Тэракт пад Масквой

Нагадаем, увечары ў пятніцу, 22 сакавіка, у падмаскоўным горадзе Краснагорск некалькі ўзброеных людзей у камуфляжы зладзілі страляніну ў канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол». Паводле апошніх расійскіх дадзеных, у выніку нападу загінулі 143 чалавекі.

Расійскія сілавікі затрымалі чатырох мужчын, якіх назвалі выканаўцамі нападу. Уладзімір Пуцін заявіў, што яны нібыта хацелі збегчы ва Украіну, дзе для іх падрыхтавалі «вакно». Праз некалькі дзён  Аляксандр Лукашэнка  зрабіў заяву, з якой вынікае, што зламыснікі першапачаткова планавалі перасячы мяжу Расіі з Беларуссю.

Адказнасць за тэракт узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава». ЗША і шэраг іншых заходніх краін пацвердзілі наяўнасць інфармацыі аб датычнасці ІД і адхілілі ўдзел у падзеях ва Украіне.