У Кітаі ўсе фінансавыя аперацыі з крыптавалютамі абвясцілі па-за законам
Пекін будзе лічыць любыя аперацыі з крыптавалютамі "незаконнай фінансавай дзейнасцю". Тым, хто ўдзельнічае ў падобных здзелках, будзе пагражаць крымінальны пераслед, паведамілі ў Народным банку Кітая.
Народны банк Кітая (Цэнтрабанк) абвясціў ўсе фінансавыя аперацыі з крыптавалютамі незаконнымі. Адпаведная заява распаўсюджана ў пятніцу, 24 верасня. Пекін будзе лічыць любыя аперацыі з падобнымі валютамі "незаконнай фінансавай дзейнасцю", а падазраваным будзе пагражаць крымінальны пераслед, гаворыцца ў дакуменце.
Пад забарону, як удакладняе агенцтва AFP, падпалі таксама продаж лічбавых актываў і аперацыі з крыптадзерыватывамі.
У апошнія гады гандаль біткоінам і іншымі крыптавалютамі "падарваў эканамічны і фінансавы парадак" у КНР і "спрыяў адмыванню грошай, незаконнаму прыцягненню капіталу, махлярству і іншай злачыннай дзейнасці", сцвярджаюць у Цэнтрабанку Кітая. Паводле яго версіі, падобныя аперацыі пагражаюць бяспецы маёмасці грамадзян.
Гандаль крыптавалютай і яе выпуск былі забароненыя ў Кітаі яшчэ з 2019 года, нагадвае AFP.
Неўзабаве пасля аб'явы Народнага банка Кітая цана біткоіна за гадзіну абрынулася больш чым на 3 тыс. долараў (2560 еўра) — ці 6%. Лічбавая валюта Ethereum таксама значна страціла ў кошце, зваліўшыся на 10,7 працэнта.
Раней, 7 верасня, Сальвадор стаў першай у свеце дзяржавай, якія прызналі біткоін афіцыйнай валютай. У краіне ўступіў у сілу закон, згодна з якім гэтая крыптавалюта прымаецца ў якасці плацежнага сродку, нароўні з доларам ЗША. Расплачвацца ёй можна за ўсе тавары і паслугі. Аднак жыхары паставіліся да дадзенага кроку з вялікім скепсісам. У ходзе двух апытанняў больш за дзве траціны рэспандэнтаў выказаліся за захаванне долара ЗША ў якасці адзінай валюты ў краіне.
dw.com