У Мадрыдскім універсітэце ўпершыню абаранялі дысертацыю, якая прысвечана беларускай літаратуры
4 верасня ў Мадрыдзе на філалагічным факультэце іспанскага універсітэта адбылася паспяховая абарона доктарскай дысертацыі Анхелы Эспіносы Руіс па тэме «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера».

4 верасня ў Мадрыдзе на філалагічным факультэце буйнейшага універсітэта Іспаніі – Універсітэта Камплютэнсе (Universidad Complutense de Madrid) адбылася паспяховая абарона доктарскай дысертацыі грамадзянкі Іспаніі Анхелы Эспіносы Руіс. Тэма дысертацыі: «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера». Гэта першы выпадак абароны дысертацыі, якая прысвечана беларускай літаратуры, у Каралеўстве Іспанія, паведаміла Амбасада Беларусі ў Іспаніі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Анхела Эспіноса Руіс добра вядома ў беларускамоўным асяроддзі, як адзіная паэтэса іспанскага паходжання, якая піша вершы па-беларуску. Сёлета на паэтычным фэсце імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» яна нават стала лаўрэаткай прэміі «За пачуццёвае і метафарычнае багацце паэтычнай мовы і адважнае імкненне асэнсаваць таемнасць беларускага быцця». Нездарма яе называюць «паэткай з іспанскай крывёй і беларускім сэрцам». На сёння яна найбольш вядомая замежніца, якая піша і размаўляе па-беларуску.


Многія сябры Анхелы прасілі, каб яна вяла стрым з абароны. Але відэа з субтытрамі Анхела паабяцала выкласці пазней, магчыма нават што ўжо заўтра. А пакуль «Новы Час» далучаецца да віншаванняў!
Фота са старонак у фэйсбуку Амбасады Іспаніі і Анхелы Эспіносы Руіс.