Паэтка з Іспаніі атрымала Прэмію імя Міхася Стральцова
Прэмію імя Міхася Стральцова сёлета атрымала беларускамоўная паэтка з Іспаніі Анхела Эспіноза Руіс.

Фота Алеся Аркуша
Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» сёлета праходзіць восьмы раз. Яго арганізатарам з’яўляецца ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і ГА «Беларускі ПЭН-цэнтр». Падчас фестывалю праводзяцца паэтычныя чытанні, прэзентацыі арыгінальных і перакладных кніг. Але галоўная інтрыга фестывалю — уручэнне прэміі Міхася Стральцова і прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф».
Сёлета прэмію Міхася Стральцова атрымала беларускамоўная паэтка з Іспаніі Анхела Эспіноза Руіс «За пачуццёвае і метафарычнае багацце паэтычнай мовы і адважнае імкненне асэнсаваць таемнасць беларускага быцця».
У дадатак да прэміі Анхела атрымала кнігу «Колер крылаў», аздобленую мастаком Аляксандрам Шэверавым.