У цэнтры Кішынёва аднавілася шматтысячная акцыя пратэсту

Некалькі тысяч чалавек выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Кішынёва. Паводле ацэнак паліцыі, у акцыі ўжо прымаюць удзел 10 тысяч чалавек. Яны патрабуюць анулявання ўчорашняга галасавання па зацвярджэнні ўрада, роспуску парламента і прызначэння даты датэрміновых выбараў.



1442435524_112.jpg

Як перадае карэспандэнт ТАСС з месца падзей, пратэстоўцы заблакавалі будынак парламента, мітынгоўцы працягваюць прыбываць.

Людзі, якія сабраліся на пратэст, прадстаўляюць правую “Грамадзянскую платформу DA”, а таксама левыя “Партыю сацыялістаў” і “Нашу партыю”.

Як паведамляе Інтэрфакс, пратэстоўцы трымаюць дзяржаўныя сцягі Малдовы і скандуюць “Датэрміновыя выбары!”, “Далоў парламент!”, “Няма ўраду алігархаў!”, “Бандытаў — у турму!”.

У цэнтры малдоўскай сталіцы ўзмоцнены меры бяспекі.

Пратэсты ля будынка парламента пачаліся ўвечары 20 студзеня. Прычынай стала зацвярджэнне дэпутатамі новага складу ўрада і прапанаванай кабінетам міністраў праграмы. Пратэстоўцы прарвалі паліцэйскі кардон і ўварваліся ў будынак.

Мясцовыя СМІ сцвярджалі, што дэманстрантам удалося раззброіць некалькіх паліцэйскіх, якія ахоўвалі парламент, і вывесці іх з будынка. Аднак у далейшым паліцыя здолела аднавіць кантроль над сітуацыяй і выціснуць пратэстуючых на вуліцу.

На фоне масавых пратэстаў прыводзіць новы ўрад да прысягі прыйшлося ўначы на спецыяльнай закрытай цырымоніі.

Па факце беспарадкаў 20 студзеня пракуратура Малдовы ўзбудзіла крымінальную справу.

Палітычны крызіс у Малдове працягваецца ўжо некалькі месяцаў. У кастрычніку мінулага года прэм’ер-міністр Валер Стралец быў адпраўлены ў адстаўку пасля таго як галоўныя апазіцыйныя партыі выказалі яму вотум недаверу.

Паводле ВВС