Украіна часова зачыняе мяжу з Крымам
Кабмін Украіны вырашыў часова зачыніць 27 пунктаў пропуску на мяжы з Крымам. Таксама ўрад Украіны вырашыў часова зачыніць і пункты кантролю ў Крыме. Пра гэта гаворыцца ў распараджэнні Кабінета міністраў, размешчаным на сайце ўкраінскага ўрада.
У дакуменце, падпісаным 30 красавіка, гаворыцца аб часовым закрыцці пунктаў пропуску і пунктаў кантролю на мяжы з Крымам ў адпаведнасці з законам “Аб забеспячэнні правоў і свабод грамадзян і прававы рэжым на часова акупаванай тэрыторыі Украіны”.
Акрамя таго, Кабмін даручыў міністэрству замежных спраў давесці да ведама дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў ва Украіне, а таксама да дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Украіны за мяжой інфармацыю аб часовым закрыцці пунктаў пропуску.
Нагадаем, з 6 красавіка расійскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый у гарадах усходніх абласцей Украіны. У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі ваенных і тэхніку. Расійскія баевікі трапляюць на мацерыковую Украіну праз Крым.